Навучэнка 3-га класа Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Анастасія Угляніца прадставіла сваю даследчую работу “Залатарнік – вераломства ці прыгажосць?” на раённым этапе абласнога конкурсу даследчых работ і творчых праектаў “Я пазнаю свет” для навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Анастасія пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Шалкевіч даследавала біялагічныя асаблівасці і ачагі распаўсюджання залатарніка канадскага. Пагутарыўшы з карэннымі жыхарамі Поразава, дзяўчынка вызначыла, што 15 гадоў таму назад расліна сустракалася вельмі рэдка, у асноўным для ўпрыгожвання клумб і могілак. Цяпер каля пасёлка вельмі многа ачагоў і іх тэрыторыя з кожным годам павялічваецца. У гэтым навучэнка яшчэ больш пераканалася пасля гутаркі са старшынёй Поразаўскага сельскага Савета Віктарам Акудовічам і ляснічым Поразаўскага лясніцтва Міхаілам Відуком. Яны паведамілі, што самым дзейсным спосабам барацьбы з залатарнікам з’яўляецца скошванне два разы на год (у маі і жніўні) і перакопванне глебы летам.
Навучэнцы 3-га класа вырашылі ўнесці свой уклад у барацьбу са шкоднікам і правесці экалагічную акцыю па зборы і знішчэнні насення залатарніка. У сухое бязветранае надвор’е сабралі насенне ў пакеты і знішчылі.
За сваю работу “Залатарнік – вераломства ці прыгажосць?” Анастасія Угляніца ўзнагароджана дыпломам І ступені і будзе прадстаўляць сваё даследаванне на абласным этапе. Жадаем ёй поспеху!
Святлана БАЛЮК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна