Школьнікі з Ваўкавыска наведалі мемарыяльны комплекс “Шавулічы”

- 10:50ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Выхаванцы летняга аздараўленчага лагера “Вясёлка”, што створаны на базе сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання, наведалі мемарыяльны комплекс “Шавулічы”.

Гэта адзін з найбольш вядомых помнікаў Гродзеншчыны, прысвечаных трагедыі “вогненных вёсак”, што былі спалены нямецкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вёску Шавулічы называюць “малодшай сястрой” Хатыні. Трагедыя адбылася 7 ліпеня 1943 года. Ад няшчаднай кулі ворага тут загінула 366 мірных жыхароў, у тым ліку 120 дзяцей.

У пагодны ліпеньскі дзень трагедыя людскіх лёсаў успрымаецца неяк па-асабліваму… Па-асабліваму балюча. Маляўнічы пейзаж абуджае непамернае жаданне радавацца жыццю, марыць пра будучыню. Ды толькі фрагменты абвугленых зрубаў былых хат нагадваюць пра смерць і прымушаюць успомніць жахі вайны.

На тварах дзяцей сур’ёзнасць і задумлівасць. У руках яркім полымем гараць кветкі. Кожны з выхаванцаў бываў тут не аднойчы. Але кожны раз педагогі старанна рыхтуюцца да гэтай паездкі, каб расказаць дзецям нешта новае. Далей таксама ўсё па традыцыі: вучні кладуць кветкі ля падножжа абеліска, чытаюць вершы пра подзвіг і былую славу, ушаноўваюць памяць герояў хвілінай маўчання. Узрушаныя і ўсхваляваныя ўсе вяртаюцца ў атрад.

Напрыканцы дня вучням прапаноўваецца выказаць свае ўражанні ад паездкі фарбамі. І яны малююць. Адны – абеліск у акружэнні купкі бярозак, іншыя – скульптурную кампазіцыю ці вялікі звон, гучанне якога нагадвае, што ніхто не забыты.

“Ніхто не забыты, нішто не забыта…” Пад такім дэвізам жыве ўжо не адно пакаленне беларусаў. Асабліва актуальнае гучанне ён набыў сёлета, у Год гістарычнай памяці.

 

Ірына ШЧАСЮК,
выхавальнік летняга аздараўленчага лагера “Вясёлка”
сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий