У адной асобе – мудры кіраўнік, настаўнік-прафесіянал і цудоўная жанчына

- 13:23Персона

У педагагічным майстэрстве роля асобасных уласцівасцей чалавека настолькі вялікая, што яны становяцца яго прафесійнымі якасцямі. Настойлівасць, шчырасць, мэтанакіраванасць, сумленнасць, сціпласць, спагадлівасць – рысы, якія адпавядаюць Святлане Сяргееўне Балюк.

Святлана Сяргееўна працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна з 2010 года. Гэта граматны, эрудзіраваны кіраўнік, які валодае рознабаковымі ведамі па псіхалогіі і педагогіцы. Яе кампетэнтнасць, уменне выбудоўваць узаемаадносіны, гатоўнасць даць кваліфікаваную параду забяспечылі павагу і аўтарытэт у калег, навучэнцаў і іх бацькоў. Святлана Сяргееўна – моцны лідар, які ўмее натхняць і за якім хочацца ісці, які верыць у сваю справу і гарыць ёй. Гэта кіраўнік, які адкрыты да перамен, які не трымаецца за неэфектыўныя, але прывычныя метады працы.

Аднак галоўнае сваё прызначэнне Святлана Сяргееўна бачыць у навучанні дзяцей біялогіі. Асаблівую ўвагу надае настаўнік рабоце з адоранымі, таму сярод яе вучняў – удзельнікі і пераможцы даследчых канферэнцый, шмат пераможцаў другога і трэцяга этапаў рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе з трох удзельнікаў другога этапу алімпіяды – усе тры вучні сталі пераможцамі, а дзевяцікласніца Вікторыя Пачэбут атрымала дыплом III ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”.

Кожны год сярод выпускнікоў Поразаўскай сярэдняй школы ёсць тыя, хто здае цэнтралізаванае тэсціраванне менавіта па біялогіі і робіць адпаведны прафесіянальны выбар. Так, ва ўстановы адукацыі медыцынскага профілю ў 2020 і 2021 гадах паступіла трыццаць працэнтаў выпускнікоў, а ў 2019 – наогул пяцьдзясят! Ці гэта не самы важкі довад, які пацвярджае адпаведнасць настаўніка-прадметніка высокім патрабаванням прафесійнай дзейнасці?

Настаўніца перадае вучням не толькі веды, але і свае адносіны да свету, стварае вакол сябе пэўную эмацыйную атмасферу, якая ўплывае на фарміраванне характараў, поглядаў. Часта прыглядаешся да старшакласнікаў, якія пачынаюць займацца са Святланай Сяргееўнай – і міжволі заўважаеш, як яны мяняюцца: становяцца больш сур’ёзнымі, удумлівымі, тактоўнымі, шчырымі… Так інтэлект і культура настаўніка, яго справядлівасць і чалавечнасць уплываюць на фарміраванне дзіцячых характараў. 

С.С.Балюк увабрала найлепшыя рысы сваёй маці, Ніны Сцяпанаўны Грышко. Значную частку жыцця яна аддала дырэктарству ў Гарнастаевіцкай школе Свіслацкага раёна. Яе заўсёды вызначаў высокі прафесіяналізм, імкненне да самаўдасканалення, патрабавальнасць да сябе і да сваіх падначаленых. Ніна Сцяпанаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але і сёння былыя калегі з удзячнасцю ўспамінаюць яе парады і рэкамендацыі, яе душэўную шчодрасць і жыццёвую мудрасць. А для дачкі яна – заўсёды прыклад.

Святлана Сяргееўна – выдатная жанчына, клапатлівая маці і жонка. З мужам Аляксандрам Аляксеевічам яны стварылі моцную, дружную сям’ю. Дарэчы, іх дачка Лізавета ў 2016 годзе закончыла Поразаўскую школу з залатым медалём і ў свой час таксама была пастаяннай пераможцай прадметных алімпіяд і шматлікіх інтэлектуальных конкурсаў. У гэтым годзе Лізавета – ужо выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, уладальніца чырвонага дыплома і шчаслівая жонка маладога ўрача Арцёма Рабкоўскага. Сын Мікіта пасля заканчэння таго ж універсітэта працуе загадчыкам санітарна-гігіенічнай лабараторыі Ваўкавыскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Нявестка Марыя – фармацэўт адной з аптэк Ваўкавыска. Унучка Ева – галоўная прыхільнасць, а выхаваннем яе бабуля і дзядуля займаюцца з уласцівай ім лагічнасцю і непамернай любоўю.

Так злучае ў сабе Святлана Сяргееўна Балюк адданасць працы з любоўю да сям’і, высокую прафесійную культуру з шырокай глыбінёй ведаў і інтарэсаў, педагагічную вытрымку з душэўнай чуласцю.

 

Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий