У рамках тэматычнага тыдня “Квітней, Беларусь!” у яслях-садзе № 1 Дзятлава з выхаванцамі старшых груп была праведзена экскурсія ў “Беларускую хатку”.
Вельмі важна пазнаёміць дзяцей з сялянскім побытам беларусаў, асноўнымі рэчамі для жыцця таго часу, іх ужываннем і выкарыстаннем. Менавіта такія мерапрыемствы дапамагаюць у развіцці пачуцця павагі да спадчыны беларускага народа.
Перад уваходам у хатку дзяцей сустракала гаспадыня Ганна са сваім сыночкам Янкам. Павітаўшыся, яны запрасілі гасцей прайсці ў хату: «Наша хата цудоўнымі рэчамі багата, міласці просім кожнага ў госці».
Гаспадыня расказала, што наша краіна – гэта чароўны куточак, дзе мы жывём, край казак, легенд і паданняў. Са старажытных часоў жылі тут нашы продкі: дзяды і прадзеды, жывуць нашы бацькі. Таму і называем мы сваю зямлю Бацькаўшчынай.
Яна запытала ў дзяцей, ці ведаюць яны аб тым, як і дзе жылі беларусы. Адзначыла, што сёння іх чакае цікавае знаёмства з побытам нашых продкаў. Цікава і пазнавальна расказала гаспадыня пра печ, якая займала важнае месца ў жыцці беларусаў. Пазнаёміла дзяцей і з пячным інвентаром: качаргой, віламі, чапялой, хлебнай лапатай.
З цікавасцю выхаванцы адгадвалі загадкі пра стравы, якія гатаваліся ў пячы: хлеб, блінцы, бульба, – а потым разглядвалі посуд на стале. Гаспадыня растлумачыла, чаму посуд выраблялі з гліны і дрэва. Таксама дзеці пагулялі ў гульню «Як назваць па-беларуску».
Разам з Ганнай і Янкам калыхалі дзіцятка ў калысцы і спявалі калыханку. Затым разглядзелі рэчы ў куфры: кашулі, спадніцу, посцілкі, дываны, ручнікі. Гаспадыня хаты пазнаёміла дзяцей з прыладамі працы беларусаў, якія ў сучасным свеце ўжо не выкарыстоўваюцца. Асабліва ўразілі малых такія прылады, як пранік і качалак – цікава было даведацца, як нашы продкі прасавалі адзенне.
Напрыканцы экскурсіі хлопчыкі і дзяўчынкі пачаставаліся смачным хлебам, пакаштавалі ваду з глінянага збанка. На развітанне гаспадыня пажадала нашым выхаванцам жыць у дастатку, каб у жыцці ўсё было ў парадку. Экскурсія атрымалася цікавай, пазнавальнай і запамінальнай.
Людміла ВАРАБЕЙ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 1 Дзятлава