У спякотны ліпеньскі дзень сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, наведалі сядзібу “Вялес” у аграгарадку Жодзішкі Смаргонскага раёна.
Уладальнік сядзібы Алег Мізула арганізаваў гасцям водны паход па рацэ Вілія, расказаў пра даследаванні мясцовасці графам Канстанцінам Тышкевічам, паказаў дубы, якім па трыста гадоў, неверагодны вадаспад, помнік прыроды рэспубліканскага значэння – Тупальшчынскі валун. А старадаўнюю легенду пра камяні, якія патрэбны былі езуітам для ўзвядзення ў Жодзішках касцёла, і чарцях, якія хацелі перашкодзіць будаўніцтву храма, дзеці і дарослыя слухалі, затаіўшы дыханне. Напрыканцы падарожжа можна было пачуць дзіўныя песні Алега Анатольевіча.
Гэта быў цікавы і незвычайны дзень, як для дзяцей, так і для бацькоў, якія поўнасцю змянілі абстаноўку, атрымалі яркія ўражанні і даведаліся шмат новага. Прыгоды сталі магчымыя дзякуючы фінансавай падтрымцы Беларускага дзіцячага фонду.
Ларыса ТАТАРЫНАВА,
дырэктар Смаргонскага раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд”