У навучальных установах Магілёўшчыны актыўна ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Рамантуюцца класы, закупляецца новае абсталяванне, наводзіцца касметычны парадак у актавых і спартыўных залах, прылеглай тэрыторыі.
– Верасень ужо не за гарамі. Таму і ўвага пытанням падрыхтоўкі надаецца адпаведная. З абласнога бюджэту на гэтыя мэты было выдзелена каля 11 млн рублёў. Сродкі задзейнічаны на рамонт школ і школ-інтэрнатаў, дзіцячых садоў, устаноў прафесіянальнай і дадатковай, спецыяльнай адукацыі. Акрамя таго, выконваюцца планавыя мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне бяспекі дзяцей, падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў і сталовых, закупку новых сучасных аўтобусаў для падвозу сельскіх школьнікаў. Адметна, што ў шэрагу навучальных устаноў праходзіць капітальны рамонт. Якасць і аператыўнасць работ пастаянна трымацца на кантролі. Усе сертыфікаты гатоўнасці павінны быць падпісаны да 20-га жніўня, – паведаміла кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская.
Афіцыйная інфармацыя цалкам пацвярджаецца ў рэчаіснасці. Да прыкладу, у Бабруйску адукацыйную дзейнасць ажыццяўляюць 100 устаноў. У апошнія ліпеньскія дні іх падрыхтоўка да новага навучальнага года ўжо знаходзіцца на стадыі завяршэння.
Ганна СІНЬКЕВІЧ