Дом – абагульненая карціна свету. Фальклорны занятак для дзяцей 11–13 гадоў

- 16:22Дополнительное образование

Матэрыял распрацаваны для правядзення занятку ў аб’яднанні па інтарэсах “Фальклорны карагод” пры вывучэнні раздзела “Абрадавая практыка беларусаў”. Матэрыялы могуць быць выкарыстаны для выхаваўчай работы на класных гадзінах з мэтай пашырэння кругагляду дзяцей пра абрады і звычаі беларускага народа.

 

Наталля ЯКУТА,
загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці
ДУА “Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: выхаванне павагі і цікавасці да мінулага нашага народа і яго спадчыны, культуры, знаёмства з хатай беларускага селяніна як мадэллю сусвету.

Задачы:

– даць звесткі пра беларускую хату;
– пазнаёміць навучэнцаў з беларускімі народнымі гульнямі;
– пашыраць кругагляд дзяцей шляхам вывучэння звычаяў беларускага народа;
– развіваць уменне бачыць і разумець прыгажосць навакольнага жыцця, жаданне пазнаць больш пра асаблівасці жыцця прадзедаў;
– прывіваць цікавасць да беларускіх звычаяў, гульняў, традыцый;
– выхоўваць і стымуляваць цікавасць і павагу да мінулага нашага народа і яго спадчыны, культурных здабыткаў, пачуцце патрыятызму;
– выхоўваць эстэтычны густ.

Узрост навучэнцаў: 11–13 гадоў.

Абсталяванне і матэрыялы: мультымедыйная прэзентацыя, лялька-абярэг, куточак кабінета, аформлены ў стылі сялянскай хаты (стол, засланы абрусам, радзюжкі, ікона, ручнікі, лаўка, печ), жэтоны, прызы.

Прэзентацыя: https://docs.google.com/presentation/d/1S_qPCBQ915ckdWy8R9QIcYw9RlGYYxov/edit?usp=sharing&ouid=118248151997275522254&rtpof=true&sd=true

 

Ход занятку

 

Арганізацыйны этап

Педагог. Добры дзень, хлопчыкі і дзяўчынкі! Як настрой? Пачакайце, не адказвайце пакуль, я даведаюся праз сваю ляльку. Кожны возьме яе ў рукі і скажа добрыя словы пра сябе, каб лялька і сябры ведалі, у якім настроі вы прыйшлі на занятак. (Дзеці перадаюць ляльку адно аднаму і расказваюць пра свой настрой.)

Падрыхтоўчы этап

Педагог. Паглядзіце, калі ласка, на малюнкі. (На дошцы аформлена выстава дзіцячых малюнкаў на тэму “Вясковая хата”.)

Як вы думаеце, пра што сёння будзе гаворка? (Адказы дзяцей.)

Сёння мы разам з вамі адправімся ў цікавае падарожжа па краіне нашых продкаў, пабываем ў вясковай хаце. Тэма нашага занятку “Дом – абагульненая карціна свету”. Мы падрабязна пагаворым з вамі пра вясковую хату, разгледзім яе з усіх бакоў, пагуляем у народныя гульні, паспяваем, а самыя актыўныя ўдзельнікі атрымаюць прызы.

Работа па новым матэрыяле

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
                             (Рыгор Барадулін)

Педагог. Для кожнага чалавека, асабліва вяскоўца, хата – гэта спадчына, зробленая яго рукамі. Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзеды, трэба.

Дзяўчынка 1.

Лазой згінаючыся ніцай,
Дзяды прасілі абразы:
Не дай Бог тры разы жаніцца,
Не дай сяліцца тры разы!

Дзяўчынка 2.

Жылі ці бедна, ці багата,
Ды, як вядзецца, з тых вякоў,
Агорвалі так-гэтак хату
Прапрадзеды, бацькі бацькоў.

Дзяўчынка 1.

Каб дамавітасць сцены зналі,
Пускаўся ў хату першым кот.
Хлеб-соль на стол яловы клалі,
Счарсцвелы, каб не йшоў на звод.

Дзяўчынка 2.

А што чакае ў новай хаце
Казалі першай ночы сны.
Лучына ела вочы маці,
У сілу браліся сыны.

Дзяўчынка 1.

Хай будуць сцежкі невядомы
І гору, і бядзе ў той дом,
Што мы завём бацькоўскім домам,
Што хатай матчынай завём.

Разам. Запрашаем вас у матчыну хату!

Педагог. Бязмежнымі палямі, лясамі і балотамі раскінулася наша краіна Беларусь. Сярод гэтай маляўнічай прыроды вырасталі маленькія вёсачкі з драўлянымі сялянскімі хаткамі. Хата для селяніна была не проста дахам, пад якім ён хаваўся ад холаду і непагадзі, гэта была невялічкая абжытая прастора на вялікай зямлі, яго сусвет, дзе праходзіла жыццё. Яна абараняла гаспадароў ад уплыву варожых людзей. Праз невялікія нізенькія дзверы мы заходзім у хату. Як заўсёды, на парозе сустракаюць гаспадары хаты.

Дзяўчынка мяце хату ад парога і спявае.

Чаму ж мне не пець,
Чаму ж не гудзець,
Калі ў маёй хатачцы
Парадак ідзець!

Дзяўчынка 1. Ой, (Імя дзяўчынкі), сястрычка мая, а што ты робіш?

Дзяўчынка 2. Ды вось, гасцей чакаю, хату мяту.

Дзяўчынка 1. Хату мяцеш? Ад парога хату не мятуць.

Дзяўчынка 2. Ай, ці так важна, як месці, галоўнае ж, каб чыста было.

Дзяўчынка 1. Так-то яно так, але хіба табе бабуля не казала, што парог у хаце – месца незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прымет?

Дзяўчынка 2. Не, не казала.

Педагог. Ну, дык паслухайце, што я вам скажу.

Парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. З гэтым звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з часоў сівой даўніны. Найбольш вядомы з іх – гэта сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Кажуць: “Прысядзем на дарожку”. Абавязкова трэба маўчаць. Гэта сімвалізавала далучэнне да свету продкаў-нябожчыкаў, якія быццам дапамагалі ў дарозе. Вядома ўсім прымета, якая забараняе вітацца праз парог: “Праз парог рукі не падавай!” – бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення паміж людзьмі. А ці ведаеце вы, чаму на вяселлі малады ўносіць на руках у сваю хату жонку? (Адказы дзяцей.)

Педагог. Пераступаючы з ёю парог, ён аберагае маладую ад адмоўных адносін да яе продкаў.

А вось яшчэ якія існуюць звязаныя з парогам прыметы: чалавека, які ўваходзячы у хату спатыкнецца аб парог, чакае непрыемнасць. Народная этыка не дазваляе садзіцца або станавіцца на парог. Асабліва асцерагацца гэтага павінны хлопцы і дзяўчаты, інакш іх чакае адзінота. Забаранялася садзіцца на парог цяжарным жанчынам, бо дзіця народзіцца з дрэннай памяццю. Месці хату патрэбна да парога, як бы вымятаючы з хаты ўсё дрэннае.

Патрэбна сказаць, што для людзей, якія пакідалі сваю хату, менавіта парог станавіўся пэўным сімвалам роднага дому.

Педагог. Праходзьце, калі ласка, далей у нашу хату. Дзяцей раней было амаль у кожнай хаце не менш 7 чалавек, і трэба было бавіць час менавіта ў хаце, бо на вуліцы зіма, альбо сонейка пячэ. І гулялі ў гульню “Куточкі”. Каб час бавіўся весялей, пагуляем і мы ў гэтую гульню.

 

Гульня “Куточкі”

Педагог. Кожны з удзельнікаў гульні крэсліць на падлозе кружок – “куточак”. Адзін чалавек не мае “куточка”. Гэта “пакупнік”. Ён падыходзіць да каго-небудзь з тых, хто стаіць у сваім “куточку”, і кажа:

Мышка, мышка, прадай куточак
За шыльца, за мыльца,
За белы ручнічок,
За люстэрачка.

Пасля апошняга слова ўдзельнікі гульні мяняюцца месцамі, а “пакупнік” імкнецца заняць “куточак”, які аказаўся пустым у час перабежкі. Той, хто застаўся без “куточка”, ідзе яго “купляць”.

 

Інфармацыйны этап

Педагог. Кожны куточак, лава, ложак, печ, стол, парог, бэлька мелі сваё непаўторнае прызначэнне. Вядома, што ў жылой хаце было тры бэлькі, якія не толькі ўтрымлівалі дошкі столі, але і дзялілі прастору хаты на адпаведныя зоны. Прастора хаты ад парога да першай бэлькі (каля печы) была зонай гасцей, адсюль і сучасная назва першага невялічкага пакойчыка ў гарадской кватэры – прыхожая, для тых, хто прыходзіць у госці), затым зона гаспадароў і, нарэшце, трэцяя бэлька выконвала ролю радаводнага дрэва жыцця і памяці.

У кожнай вясковай хаце былі два сімвалы жыцця – печ і стол, якія звычайна знаходзіліся па дыяганалі адзін ад аднаго. Стол заўсёды стаяў бліжэй да самага свяшчэннага месца хаты – чырвонага кута.

Самым пачэсным месцам у хаце быў і застаецца ў наш час чырвоны кут, або покуць. Покуць – пачэсны кут – выконваў ролю невялічкай, прыбліжанай да чалавека копіі храма. З гэтай нагоды ў верхняй частцы кута заўсёды вісеў абраз, абавязкова пакрыты прыгожым саматканым ручніком.

Пры ўваходзе ў хату чалавек павінен быў абавязкова перахрысціцца перад іконай у чырвоным куце і толькі пасля гэтага весці размовы з гаспадарамі хаты.

Кожная святочная падзея або рытуальная сітуацыя, звязаная з асноўнымі этапамі чалавечага жыцця, разгортвалася ў непасрэднай блізкасці да чырвонага кута. Напрыклад, тры Калядныя куцці падчас падрыхтоўкі святочнай вячэры стаялі на покуці, на лаве, засланай сенам і белым ручніком. Там жа знаходзілася “бабіна каша” як асноўны атрыбут радзінна-хрэсьбіннай абраднасці, а на працягу года стаяў “гаспадар” – апошні жытнёвы сноп чарговага ўраджаю.

Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята – Каляды ці Вялікдзень – і на покуці першы садзіўся гаспадар, а злева ад яго астатнія сямейнікі. І не абы як, уперамешку, а па старшынстве, дарослыя і дзеці. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў, прадзедаў, частаваліся. За вясельным сталом маладыя сядзелі менавіта на покуці, дзе як бы сыходзіліся, звязваліся ў адзінае цэлае дзве сцяны – сімвалы двух родаў. Сцяна з боку двара сімвалізавала тэрыторыю гаспадароў, таму ўздоўж яе садзіліся госці з боку маладога. Нявеста прыходзіла з “вуліцы”, а таму прадстаўнікі яе роду рассаджваліся ўздоўж сцяны з двума вокнамі.

За абразамі, што віселі ў чырвоным куце, звычайна захоўваліся асноўныя свяшчэнныя атрыбуты ахоўна-засцерагальнага характару.

Тут ляжалі грамнічныя свечкі, без якіх не адбывалася ніводная рытуальная падзея; у белай хусцінцы знаходзілася жменька зямлі са следам хлопца, які пайшоў у войска, чырвонае велікоднае яйка і г.д.

У паўсядзённым жыцці тройчы на дзень тут, за сталом, збіралася сям’я, каб падсілкавацца не толькі фізічна, але і духоўна.

 

Этап замацавання новых ведаў, уменняў і навыкаў

Педагог. А цяпер, даражэнькія мае, адгадайце загадкі, а тыя, хто будзе правільна адказваць, атрымае жэтон, пры канцы занятку ў каго будзе болей жэтонаў атрымае прыз.

Не брэша, не кусае,
А ў хату не пускае. (Замок)

Адной ручкай усіх сустракаюць,
Другой – дадому праводзяць. (Дзверы)

Скручана, змучана, па хаце скача. (Мятла)

Раніцу кожную лашчыць, сушыць
Шыю, рукі, твар і вушы. (Ручнік)

Чатыры браты адзін капялюш надзелі. (Стол)

Спіць у печы рыжы звер,
Ты яму не дужа вер.
Прачынаецца суровы –
Пачынае есці дровы:
Круглякі і смалякі –
Ненажэрны звер такі. (Агонь)

Новы посуд, а ўвесь у дзірках. (Рэшата)

Набіта пухам, ляжыць пад выхам. (Падушка)

Па хаце ходзіць, хвастом водзіць. (Кот)

 

Педагог. Раней бавілі час рознымі цікавымі гульнямі. У зімні час і не толькі гулялі ў хаце ў цікавую гульню “Сляпы Кот”. Пагуляем? (Адказы дзяцей.) Лічылка дапаможа нам выбраць “ката”.

 

Гульня “Сляпы Кот”

Дзеці збіраюцца ў круг, адна з дзяўчынак гаворыць лічылку.

Дзяўчынка.

Раз, два, тры, чатыры
Кошку грамаце вучылі:
Не чытаць, не пісаць,
А за мышкамі скакаць.

Педагог. Аднаму з дзяцей завяжам вочы. Гэта “сляпы кот”. Усе бегаюць вакол “ката”, а ён стараецца каго-небудзь злавіць. Калі “сляпы кот” ідзе на сцяну, стол або іншы прадмет, яму крычаць: “Гарыць! Гарыць!” Калі “кот” зловіць каго-небудзь, то павінен адгадаць, каго ён злавіў (для гэтага злоўлены падае голас, які стараецца змяніць). Калі “кот” адгадае, каго злавіў, той становіцца на яго месца, і гульня працягваецца.

Педагог. А зараз паслухайце ўрывак з паэмы Я.Коласа “Новая зямля”

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне,
І ўжо пры печы з чапялою
Стаяла маці… Пад рукою
Таўкліся дзеці, заміналі
Або смяяліся, спявалі.
Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
І апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.
Давала піск яно кароткі,
Льючыся з шумам на патэльні,
І ў жар стаўлялася пякельны;
І там з яго ўжо ўвачавідкі
Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў, спаднізу наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзнятых,
І ўжо адтуль рукою маткі
На ўслон шпурляліся аладкі,
А дзеці іх даўно сачылі
І на ляту блінцы лавілі,
Заядла мазалі іх здорам.
Стаяў асобна ў місцы скорам
Сяго-таго для верашчакі.
Хоць невялікія прысмакі —
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў,
Мука і квас — і ўся прыправа,
Але ўсё ж снеданне цікава;
А для дзяцей найбольша свята
Абы наесціся багата.

Педагог. Зараз мы павядзём гаворку пра печ. Яна займала ў сялянскай хаце важнае і пачэснае месца. Абагравала хату, у ёй варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі, лячыліся.

Да печы адносіліся як да жывой істоты. Забаранялася ўжываць “у яе прысутнасці” грубыя або непрыстойныя словы: “Няможна так казаць, бо печ у хаце”, “Сказаў бы, ды печ у хаце”.

Печ (а дакладней – падпечак) – месца знаходжання добрага духа – дамавіка, галоўны “абавязак” якога – клопат пра дабрабыт сям’і. З печчу звязана шмат цікавых звычаяў. Кума, перш чым перадаць маці ахрышчанае дзіця, пасля вяртання з царквы абносіла яго тройчы вакол слупа печы, “каб дзіця любіла хату і трымалася яе”. Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадыні кармілі кароў на пячной засланцы, каб яны трымаліся свайго двара.

Педагог. У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сімвалічнага “запякання” слабых, хворых дзяцей у печы. Дзіця захутвалі ў коўдру і трымалі некалькі хвілін у печы адразу пасля таго, як скончаць паліць. Лічылася, што пасля такога “запякання” дзіця набывае здароўе і сілу. Яшчэ печ асэнсоўвалася нашымі продкамі як “жаночае” месца ў хаце. Сваты, збіраючыся ісці сватаць дзяўчыну, дакраналіся да печы ў сваім доме, “каб быў лад”. Прыйшоўшы ў хату будучай нявесты, яны перш за ўсё набліжаліся да печы і ціхенька звярталіся да яе: “Печ, печ, памажы!” Пасля віталіся з гаспадарамі, садзіліся на лаву і пачыналі гаворку.

Каля печы знаходзіўся качарэжнік з качаргой, вілкамі, чапялою (паказ прылад). Над печчу – шост, на якім сушылі адзенне. Насупраць печы, каля ўвахода, – “бабін куток”. Гэта гаспадарчы куток, дзе знаходзілася кадушка з вадою – вадзянка, побач на лаве – драўляныя вёдры, даёнка, каўшы, сальніца. На сцяне вісела паліца з посудам, побач – лыжачнік. Каля вугла печы – канявы слуп (“конь”) – апора для спальнага палка. Спальны палок (нары) з сенніком, падушкамі, пакрываламі, вышэй, на ўзроўні лежака печы, – палаці. Побач да бэлькі на круках падвешана калыска. Дзеці, а давайце паспяваем калыханку і ўспомнім, як у дзяцінстве нам спявала матуля, альбо бабуля.

 

Спяваюць калыханку

 

Педагог. Дзеці, а пра што мы яшчэ не гаварылі, звярніце ўвагу на нашу хату? (Адказы дзяцей – стол.)

Стол у хаце лічыўся амаль што свяшчэнным, бо думалі, што праз стол у чырвоным куце наладжваецца сувязь з Богам, з небам.

Святасць стала вызначалася яшчэ і тым, што на яго клалі самае дарагое –хлеб, свячоныя свечкі, святую ваду.

На стол ніколі не клалі шапку, грэбень, ключы ці сумку, не трымалі нож. На стол нельга было пускаць кошку ці поўзаць неразумнае дзіця, даросламу сесці на стол ці стаць нагамі на яго, бо ён – свяшчэнны. На стале стаіць гарлачык, так, так, раней дзеці гулялі ў такую гульню.

 

Гульня “Гарлачыкі”

Педагог. А зараз, мы крыху адпачнём, пагуляем у гульню “Гарлачыкі.”

Выбіраюцца “маці”, “дачка”, і “кот”, усе астатнія – “гарлачыкі”.

Маці кажа: “Вось там будзе “склеп”. А вось тут – наша “хата”. Ідзіце, “гарлачыкі”, у хату!”. Гарлачыкі падыходзяць да хаты і спыняюцца.

Маці звяртаецца да дачкі: “Дапамажы мне, дачушка, “гарлачыкі ў склеп аднесці!”. Маці з дачкою бяруць па два дзіцяці за рукі і вядуць іх да склепа (“нясуць гарлачыкі”). Так яны ходзяць, пакуль не перанясуць усе “гарлачыкі” ў склеп. Там гарлачыкі садзяцца на кукішках.

Маці кажа дачцэ: Я пайду ў поле на работу, а ты вартуй гарлачыкі. Глядзі, каб кот ў склеп не залез і гарлачыкі не перакуліў.

Маці адыходзіць, а дачка, крыху пачакаўшы, ідзе да сябровак. “Кот”, азірнуўшыся па баках, уваходзіць у склеп, абыходзіць гарлачыкі. Звяртаецца да аднаго: ”Гэй, смятанка!” (перакульвае). Да другога: “Гэй, сыроватка!” (перакульвае). Да трэцяга гарлачыка: “Гэй, тваражок!” (перакульвае) і г. д.

У гэты час прыходзіць маці, бачыць перакуленыя гарлачыкі, кліча дачку, і яны пачынаюць лавіць ката. Калі яны не могуць злавіць яго, то клічуць на дапамогу гарлачыкі. Усе дзеці бяруцца за рукі і ловяць ката ў сетку. Кот лічыцца злоўленым, калі вакол яго ўдзельнікі гульні сашчэпяць рукі.

 

Этап абагульнення пройдзенага матэрыялу

Педагог. Адкажыце, калі ласка, на мае пытанні. І памятайце, што кожны правільны адказ вядзе вас да прыза.

1. Чаму нельга было садзіцца на парог? (Парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі.)
2. Ці мялі хату раней ад парога? (Месці хату патрэбна да парога, як бы вымятаючы з хаты ўсё дрэннае.)

3. Колькі галоўных бэлек было ў хаце? (У жылой хаце было тры бэлькі, якія не толькі ўтрымлівалі дошкі столі, але і дзялілі прастору хаты на адпаведныя зоны. Прастора хаты ад парога да першай бэлькі (каля печы) была зонай гасцей, адсюль і сучасная назва першага невялічкага пакойчыка ў гарадской кватэры – прыхожая, для тых, хто прыходзіць у госці), затым зона гаспадароў і, нарэшце, трэцяя бэлька выконвала ролю радаводнага дрэва жыцця і памяці. Пад ёю жывыя звычайна не сядзелі.)
4. Што такое чырвоны кут, альбо покуць? (Самым пачэсным месцам у хаце быў і застаецца ў наш час чырвоны кут, або покуць. Покуць – пачэсны кут – выконваў ролю невялічкай, прыбліжанай да чалавека копіі храма.)
5. Хто жыве за падпеччам? (Добры дух — дамавік, галоўны “абавязак” якога – клопат пра дабрабыт сям’і.)
6. Што такое “бабін куток” ?(Насупраць печы, каля ўвахода, – “бабін куток”. Гэта гаспадарчы куток, дзе знаходзілася кадушка з вадою – вадзянка, побач на лаве – драўляныя вёдры, даёнка, каўшы, сальніца. На сцяне вісела паліца з посудам, побач – лыжачнік.)
7. Чаму нельга сядзець на стале? (Стол у хаце лічыўся амаль што свяшчэнным, бо думалі, што праз стол у чырвоным куце наладжваецца сувязь з Богам, з небам.)

Педагог. Прыйшоў час падлічыць жэтоны. У каго болей, той атрымае болей прызоў. (Узнагароджанне дзяцей.)

Адкажыце мне, калі ласка, ці спадабаўся вам занятак? Калі спадабаўся, вазьміце чырвоны яблык і пакладзіце ў кошычак, калі вам было сумна – зялёны. (Дзеці кладуць яблыкі ў кошычак.)

Педагог.

Хай будуць сцежкі невядомы
І гору, і бядзе ў той дом,
Што мы завём бацькоўскім домам,
Што хатай матчынай завём.
Якой далёкай ні будзе дарога,
Якім бы шырокім ні здаўся прасцяг,
Вяртайся сюды, да святога парога:
Адсюль твой пачатак і тут твой працяг.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий