Тэст па тэме “Складаныя сказы”. 11-ы клас

- 15:26Подготовка к ЦЭ/ЦТ

Тэст змяшчае 10 заданняў фармату ЦЭ і адказы да яго. Матэрыял можна выкарыстоўваць пры правядзенні тэматычных работ, а таксама на дадатковых занятках пры падрыхтоўцы да ЦЭ.

Вікторыя ЦІМАШЭНКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ворнаўская сярэдняя школа Кармянскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

 

1. Адзначце складаназлучаныя сказы, у якіх дапушчаны пунктуацыйныя памылкі:

1. Ужо даўно сцямнела, і праз шыбы акон глядзеў зімовы месяц.
2. Здавалася, абоз пройдзе спакойна, і нічога не здарыцца.
3. Яна паспешліва паставіла на стол вячэру, і сама села побач.
4. Зачэпіш галіну – і на галаву снег, як са страхі.
5. Вее вецер, свішча ў коміне, горка плача, надрываецца; і цяпер мне тая музыка, як жывая, успамінаецца.

 

2. Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх няма парушэння пунктуацыйных нормаў:

1. І цяпер Васіль стаяў і чакаў, хоць і сам не ведаў чаго.
2. Дзяўчынка глядзела на мяне як ні ў чым не бывала.
3. Тут зусім ціха, асабліва, калі сцямнее.
4. Па меры таго, як паглыбляліся ў размяшчэнне ворага, насупраць станавілася цяжэй.
5. Ідзі сабе, куды вочы глядзяць.

 

3. Адзначце бяззлучнікавыя складаныя сказы, у якіх паміж часткамі трэба паставіць працяжнік:

1. Жэняцца скачуць, разводзяцца плачуць.
2. Вось толькі пытанне як рана ён пойдзе?
3. Хутка ўсе ўбачылі самалёт пачаў зніжацца.
4. Ідзе па вуліцы лебедзь плыве.
5. Спяваў гарласты певень адзін перад другім захлёбваліся брэхам сабакі.

 

4. Адзначце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, у якіх на месцы пропуску не трэба ставіць коскі:

1. Вяселле працягвалася _ і госці не разыходзіліся, бо было яшчэ рана.
2. Цяпер буслы лёталі па чарзе: адзін ляцеў на збадыткі _ а другі аставаўся вартаваць гняздо _ каб вецер не сарваў яго.
3. Адны плацілі акуратна _ другія цягнулі бог ведае колькі _ і мы ніяк не маглі пазбавіцца ад даўжнікоў.
4. Можна было падумаць: зямля варушыцца _ і моцна ўздыхае ад зімовага сну прырода.
5. У дзеда Талаша было многа розных праектаў, але _ паколькі гэта справа мела грамадскі характар, то дзед палічыў болей правільным перадаць яе на вырашэнне грамады.

 

5. Укажыце складаныя сказы, у якіх правільна пастаўлены знакі прыпынку:

1. Ганна неспадзеўкі здрыганулася, паўз плот хтосьці ішоў.
2. І не было на кажуху ні аднаго жывога месца – так застракацілі яго белыя і чорныя плямы і так патыкала яго іголка.
3. Гаспадарка яго невялікая, Даша адна спраўлялася з ёю.
4. Аднакласнікі раз’ехаліся, хто куды.
5. Сярэдзіна кастрычніка – і такі мароз.

 

6. Вызначце віды даданых частак у складаназалежных сказах і ўстанавіце адпаведнасць:

А. Ад рашучасці, якая з’явілася раніцай, да вечара не засталося і следу.
Б. Тоня зразумела, што гутарка скончылася, і незадаволена ўздыхнула.
В. Здарылася гэта неспадзявана, калі з памяці пачалі ўжо сплываць паціху малюнкі дзяцінства.
Г. Не для таго мы гадавалі дзяцей, каб яны пад старасць нам не памагалі.

1. даданая дапаўняльная частка
2. даданая акалічнасная частка ўмовы
3. даданая азначальная частка
4. даданая акалічнасная частка мэты
5. даданая акалічнасная частка часу

 

7. Устанавіце адпаведнасць паміж сказамі і іх характарыстыкамі (знакі прыпынку не пастаўлены):

А. Ён падняў галаву каб зірнуць ёй у твар і ўбачыў што ў вачах яе стаяць слёзы.
Б. З жанчынамі свет не старэе ён маладзее дабрэе.
В. Самай ранічкай калі сонца ледзь-ледзь пачало паказвацца
з-за гарызонту я падаўся ў лес.
Г. Вясенняя ночка як стой праляцела і раніца з неба сплывае нясмела.

1. бяззлучнікавы складаны сказ
2. складаназалежны сказ з адной даданай часткай
3. складаназлучаны сказ
4. просты ўскладнены сказ
5. складаназалежны сказ з некалькімі даданымі часткамі

 

8. Адзначце нумары пропускаў, на месцы якіх трэба паставіць коску:

Здараецца і наадварот (1) _ пражывеш з чалавекам пад адной страхой ці малы час (2) _ падрабязна нават спрасонку можаш расказаць (3) _ якія ён носіць чаравікі і гальштук (4) _ і якую любіць прычоску (5) _ а самага галоўнага (6) _ душы яго (7) _ так і не ўведаеш.

 

9. Вызначце, якія сказы адпавядаюць наступнай схеме [ ] : [ ] (знакі прыпынку не пастаўлены):

1. Адчыніш фортку павее халадок.
2. Каса не косіць каса брые.
3. Вася пачырванеў яму цяжка было хлусіць.
4. Я заўважыў вецер змяніў напрамак.
5. Пятрусь некалькі раз ператрос усе свае кішэні ключык як у ваду кануў.

 

10. Устанавіце адпаведнасць паміж сказамі і іх схемамі:

А. Рыбак быў дзядзька наш Антоні, як і работнік, адмысловы; а Уладзік пасвіў дзесь каровы, травіў чужыя сенажаці; а дома з дзецьмі была маці.
Б. У ваколіцах вёскі Селішча, куды прыехаў Рыгорка на зімовыя канікулы да дзеда Хведара, вельмі многа такіх зручных для лыжнікаў узгоркаў.
В. Зямля жыве: у бераг б’юць прылівы, у вырай адлятаюць журавы.
Г. Каб справіцца з тымі ворагамі, якія ў шчылінкі кары хаваюцца, садаводы мажуць ствалы дрэў вапнай.

1. [ ], (куды…), [ ].
2. [ ]; а [ ]; а [ ].
3. [ , (куды…), ].
4. [ ]: [ ], [ ].
5. (Каб…), (якія…), [ ].

 Адказы

1. 2, 3
2. 1, 2, 4
3. 1, 4
4. 1, 4, 5
5. 2, 5
6. А3, Б1, В5, Г4
7. А5, б1, В2, Г3
8. 2, 3, 5, 6, 7
9. 3, 4
10. А2, Б3, В4, Г5

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий