23 студзеня выхаванцы 6–9 класаў Навагрудскай спецшколы-інтэрната, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі аб’яднання па інтарэсах “Мая Бацькаўшчына”, адправіліся на экскурсію ў Навагрудскі замак.
Навагрудскі край – адно з самых цікавых і прыгожых месцаў ў Беларусі. Помнікі гісторыі, як кадры старой кінастужкі, дэманструюць фрагменты багатага мінулага нашай зямлі. Руіны замка ў Навагрудку – важная гістарычная каштоўнасць, унікальны помнік абарончай архітэктуры эпохі Сярэднявечча,рэзідэнцыя вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага.
Дзеці ведаюць, што шмат стагоддзяў назад існавала вялікая дзяржава, якой цяпер не ўбачыць на карце свету – Вялікае княства Літоўскае. Заснаваў яго вялікі князь Міндоўг і зрабіў сталіцай горад Наваградак, а на маляўнічых узгорках пабудаваў велічны замак. Горад з тысячагадовай гісторыяй захаваў дзіўныя пейзажы ўзгоркаў і лясоў, від на якія адкрываецца з замкавай гары. Вельмі ўразілі выхаванцаў руіны вежы Шчытоўка і расказ пра яе назначэнне ў старажытнасці.
Выхаванцы нашай школы адзначылі, што школьныя экскурсіі па славутых мясцінах свайго краю – гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца не толькі з гісторыяй малой радзімы і славутымі землякамі, але і даведацца шмат цікавага пра гісторыю краіны ўвогуле.
Вольга РАДЧАНКА,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах ”Мая Бацькаўшчына”
Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы,
парушэннямі псіхічнага развіцця,
цяжкасцямі ў навучанні