У канцы студзеня ў Асташковіцкім яслях-садзе – базавай школе Светлагорскага раёна прайшоў фестываль здаровага харчавання “Капусныя вячоркі”. Гэта добрае, маляўнічае, вясёлае, пазнавальнае, спартыўнае свята, створанае настаўнікамі, вучнямі і бацькамі.
Сучаснае жыццё мітуслівае: няма часу на тое, каб сачыць за здароўем, харчаваннем, займацца спортам. Дарма! Бо самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, – гэта яго здароўе!
Вось ужо некалькі гадоў Асташковіцкі яслі-сад – базавая школа ўдзельнічае ў праекце “Школьны сад”. Прадстаўнікі гэтай праграмы ўручылі нам насенне розных гатункаў капусты, якую мы з поспехам вырошчвалі на прышкольным участку. Ураджай атрымаўся на славу!
На фестывалі здаровага харчавання “Капусныя вячоркі” дзеці пазнаёміліся з гісторыяй паходжання капусты. А вось вы, напрыклад, ведалі, што слова “капуста” паходзіць ад лацінскага caputium – “галава”?
Аб’яднаўшыся ў каманды, вучні і бацькі ўдзельнічалі ў розных конкурсах: збіралі “ураджай”, складалі прыказкі, мераліся сілай, адгадвалі гародніну, вадзілі “капусны карагод”. Прыгадалі і згулялі ў гульню нашых продкаў – сутнасць яе ў тым, што гульца раскручваюць з завязанымі вачыма, а потым ён павінен ударыць палкай чыгун. Азарт і іскрынкі радасці былі бачныя ў вачах і дарослых, і дзяцей! А як перажывалі і хварэлі дзеці адно за аднаго!
Цікава прайшла прэзентацыя страў. Ад кожнай каманды выходзіў удзельнік, паказваў журы сваю страву і дзяліўся рэцэптам. Прынеслі і равіёлі з капустай і грыбамі, і капустную кулябяку!
Няхай фестываль быў нядоўгім, але дзякуючы яму ў кожнага прысутнага ўзняўся настрой, з’явілася ўсмешка на твары, заззялі вочы – а гэта і ёсць наша бадзёрасць і здароўе!
Наталля КАВАЛЁВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Асташковіцкага ясляў-сада – базавай школы
Светлагорскага раёна