У рамках інфармацыйна-прафілактычнай кампаніі “Бяспечна ўдвая”, якая праходзіць у Гродзенскай вобласці з 29 студзеня па 19 лютага, на сустрэчу да выхаванцаў старшай групы ясляў-сада № 6 Ваўкавыска прыйшла супрацоўнік Ваўкавыскай Дзяржаўтаінспекцыі Алена Карабач.
У працэсе гутаркі з аўтаінспектарам дзеці пераканаліся ў тым, што адной з найбольш эфектыўных мер павышэння бяспекі пешаходаў на дарозе з’яўляюцца святлоадбівальныя элементы.
Менавіта таму вялікую цікавасць у дзяцей выклікаў майстар-клас па вырабе аксэсуара з двайной карысцю: ахоўнай павязкі з дэкорам святлоадбівальных элементаў. Разам са старэйшым дзяржаўтаінспектарам выхаванцы ўпрыгожвалі ахоўныя маскі налепкамі са святлоадбівальнай плёнкі і, па ходу справы, успаміналі правілы паводзін на вуліцы. Дзеці захоплена малявалі, выразалі і ляпілі на тканіну забаўныя фігуркі, а затым дэманстравалі адно аднаму свае аксэсуары.
Работы атрымаліся карыснымі ўдвая, бо яны абароняць не толькі ад віруса, але і ад непрыемнасцей на дарозе. Немалаважным з’яўляецца і тое, што маску, вырабленую сваімі рукамі, дашкольнікі будуць насіць з вялікім задавальненнем.
Фотаздымкі на памяць падарылі пазітыўны настрой усім прысутным. Напрыканцы мерапрыемства Алена Анатольеўна ўручыла будучым школьнікам прыемныя падарункі: расклад школьных урокаў з напамінам пра правілы дарожнай бяспекі. Выхаванцы, у сваю чаргу, паабяцалі быць добрасумленнымі і адказнымі пешаходамі.
Падобныя мерапрыемствы садзейнічаюць павышэнню свядомасці у дзяцей, вучаць іх правільна паводзіць сябе на дарозе.
Таццяна ХЛАМКО,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 6 Ваўкавыска