У рамках тыдня беларускай мовы і літаратурыў Лелюкінскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна адбылася сустрэча з беларускім пісьменнікам Міхасём Зізюком, якая стала цікавай і запамінальнай не толькі для навучэнцаў, але і для супрацоўнікаў установы.
Гэта шматбакова развіты таленавіты чалавек, які захапляецца падарожжамі, музыкай і аддана ўлюбёны ў сваю родную мову.
Сустрэча ўмоўна падзялілася на два блокі. Першы блок прайшоў у чытальнай зале бібліятэкі для навучэнцаў пачатковых класаў, дзе пісьменнік расказаў пра сваю творчасць, прадэманстраваў кнігі, якія напісаў для малодшых школьнікаў, праспяваў пад гітару свае песні, а таксама правёў конкурс на чытанне вершаў на беларускай мове. Усім удзельнікам былі ўручаны падарункі – кнігі беларускіх аўтараў і паштоўкі з выявамі знакамітых мясцін Іўеўшчыны.
Працягнулася сустрэча ў актавай зале для навучэнцаў 7–11-х класаў. Тут была арганізавана выстава кніг пісьменніка. Аўтар расказаў дзецям пра тое, як ён прыйшоў да напісання твораў, прадэкламаваў некалькі баек свайго напісання. Распавёў пра сваё асабістае жыццё. Дзеці даведаліся, што яго маці родам з вёскі Латэўка, якая знаходзіцца ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад аграгарадка Лелюкі. На працягу свайго жыцця Міхась Зізюк не забывае гэта месца і час ад часу наведвае родныя мясціны. У яго шмат родных і знаёмых, якія пражываюць у Лелюках і ў суседніх вёсках. Дарэчы, СА сваёй жонкай пісьменнік пазнаёміўся менавіта на радзіме маці.
Міхась Міхайлавіч піша песні, і ў яго арсенале ёсць не адзін дзясятак песень на беларускай мове, некаторыя з іх ён праспяваў.
Трэба адзначыць, што пісьменнік з’яўляецца і перакладчыкам песень з рускай мовы на беларускую.
Сустрэча атрымалася цікавай, пазнавальнай, адкрытай. На памяць пра яе Міхась Міхайлавіч падарыў школе сваю кнігу з подпісам і пажаданнямі, а таксама дыск са сваімі песнямі.
Аксана РЭВІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Лелюкінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна