Магілёўская скарбонка

- 22:51МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

Вясна – самая радасная, цікавая пара года. Прырода ажывае ў нас на вачах, кожны дзень абяцае новыя адкрыцці. І ў гэты час на базе нашай установы традыцыйна адкрываецца абласная выстава-конкурс дзіцячай творчасці “Магілёўская скарбонка”, якая знаёміць наведвальнікаў не толькі з напрамкамі і прыёмамі фларыстычнага мастацтва, але і з традыцыйнымі тэхнікамі народнай творчасці.

“Магілёўская скарбонка” – штогадовая выстава, якая арганізуецца аддзелам экалагічнага выхавання АЦТ на працягу 30 гадоў. Кожны раз выстава-конкурс дазваляе па-новаму зірнуць на даўно вядомы прыродны матэрыял, уражвае колькасцю ідэй, здзіўляе чымсьці арыгінальным. І гэты год не стаў выключэннем. На конкурс было прадстаўлена 316 работ з 169 устаноў адукацыі. Сваю творчасць хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі ў 8 намінацыях: “Пано і калажы”, “Фларыстычны жывапіс”, “Фларыстычны арт-аб’ект”, “Фларыстычная сумачка”, “Золата палёў”, “Бярозавыя фантазіі”, “Лясныя падарункі”, “У гасцях у казкі”. Сярод работ не было аднолькавых. У кожнай – выключная фантазія і арыгінальнасць аўтара.

Прыцягвалі ўвагу незвычайным дызайнам, фактурай, яркімі адценнямі і смелым прынтам розныя варыянты жаночых сумачак, прадстаўленыя ў намінацыі “Фларыстычная сумачка”. На думку журы, самай арыгінальнай стала работа вучаніцы Камінтэрнаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Валерыі Нікіфаравай.

Усю прыгажосць беларускага краю адлюстроўвалі пано і калажы, выкананыя дзецьмі ў розных тэхніках з пялёсткаў кветак, лісця, моху і іншага прыроднага матэрыялу. Выдзяляліся работы навучэнкі аб’яднання “Фітадызайн” абласнога цэнтра творчасці Любові Хрыбтовіч, вучня сярэдняй школы № 18 Магілёва Івана Хмарэнкі, навучэнкі эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Магілёва Анастасіі Аксёнавай, навучэнкі Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва Марыіі Рамановіч.

Назвы намінацый “Бярозавыя фантазіі” і “Золата палёў” гавораць самі за сябе. Саламяныя павукі, кветкі, кошыкі, лялькі, пано з саломкі і бяросты працягваюць традыцыі і разам з тым валодаюць новымі рысамі, прыўнесенымі індывідуальнай творчасцю навучэнцаў. Лідзіравалі ў гэтых намінацыях навучэнцы аб’яднання “Жывая бяроста” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут” Крычава і навучэнцы аб’яднання “Беларускі сувенір” з Магілёўскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей, хворых на скаліёз.

Здзіўлялі сваёй разнастайнасцю экспанаты намінацый “У гасцях у казкі” і “Лясныя падарункі”. Каго тут толькі не было! Баба Яга, Дзюймовачка, Кот у ботах і іншыя. Кожны персанаж быў непаўторным. Самым папулярным вобразам стала сава. На выставу было прадстаўлена звыш 40 выяў гэтага сімвала мудрасці, выкананых ў розных тэхніках. Лепшымі былі работы навучэнцаў абласнога цэнтра творчасці, Круглянскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка”, Заеліцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Глускага раёна, Цэнтра юных натуралістаў Бабруйска.

Жанна БУБНОВА,
загадчык сектара аддзела экалагічнага выхавання абласнога цэнтра творчасці

        

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий