Нам не дадзена забыць

- 22:42МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

Сёння перад беларускай сістэмай адукацыі стаіць задача грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Але яе рэалізацыя толькі з дапамогай ведаў немагчымая. Сучаснасць патрабуе ад школы новых формаў і метадаў выхавання, адэкватных сацыяльна-педагагічным рэаліям. З’яўляецца неабходнасць у дзейнасным кампаненце грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Толькі праз актыўнае ўцягненне ў сацыяльную дзейнасць і свядомы ўдзел у ёй можна дасягнуць поспехаў у гэтым кірунку.

У рамках экспедыцыйнай дзейнасці ўзнікае ўнікальная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гістарычным мінулым, стаць даследчыкам. Маршрут экспедыцый складаецца з наступных модуляў: інфармацыйны, экскурсійны, даследчы, прэзентацыйны. Модулі ўяўляюць сабой комплекс розных мерапрыемстваў па вывучэнні памятных месцаў.

Абеліскі сталі сімваламі патрыятызму народа. Але без вывучэння канкрэтных падзей, у сувязі з якімі яны былі ўсталяваныя, самі помнікі і мемарыялы не даюць канкрэтнай інфармацыі пра мінулае. Таму неабходна не толькі ведаць, што яны ёсць, але і разумець, чаму яны ўстаноўлены менавіта там, з якімі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны звязаны. Зыходным матэрыялам для вывучэння памятных месцаў стаў відэафільм “Нам не дадзена забыць”, своеасаблівая гісторыя трагічных старонак нашага горада ў часы вайны. Каштоўнасць гэтага матэрыялу яшчэ і ў тым, што ён заснаваны на дакументальных фактах і інтэрв’ю са сведкамі тых падзей. Пасля паказу відэафільма на ўроках гісторыі, класных і інфармацыйных гадзінах была складзена праграма дзейнасці экспедыцыйнага атрада.

Для ўдакладнення плана работы па выяўленню месцазнаходжання памятных месцаў у Горацкім раёне мы звярнуліся па дапамогу ў аддзел ідэалогіі райвыканкама. Вывучылі інфармацыю аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама пра воінскія захаванні ў раёне. Азнаёміліся з матэрыяламі зборніка С. В. Марцэлава “Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi, Магiлёўская вобласць”, з архіўнымі і дакументальнымі матэрыяламі Горацкага краязнаўчага музея.

Наступным крокам у нашым даследаванні стала наведванне памятных месцаў і мемарыялаў, размешчаных на тэрыторыі горада Горкі і раёна. Мы наведалі ўсе памятныя мясціны, можна сказаць, дакрануліся да гісторыі. Гэта даволі цяжка – знаходзіцца ў тым месцы, дзе загінулі людзі. А яшчэ цяжэй было чуць ўспаміны сведкаў тых падзей.

У выхаванні патрыятызму і грамадзянскасці вялікае значэнне мае ўсведамленне вучнямі сутнасці і галоўных бакоў праявы гэтых якасцяў, іх глыбокае эмацыянальнае перажыванне. Менавіта на гэтай аснове ў школьнікаў мацнее пачуццё любові да Радзімы, выпрацоўваюцца погляды, перакананні і ўстаноўкі паводзін.

Знаёмства з творчасцю Ніны Кавалёвай, стала яшчэ адной старонкай ў даследаванні памятных месцаў на горацкай зямлі. Ніна Кавалёва – горацкая паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат звання “Чалавек года Горацкага раёна – 2018”, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2019”, ганаровы сябра раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, сябра народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”. Не маючы магчымасці хадзіць, яна настолькі зацікавілася здымкамі памятных месцаў і мемарыялаў, што кожнаму з іх прысвяціла адзін са сваіх вершаў, якія ўвайшлі ў зборнік “Мы сталі абеліскамі”. Зборнік пачынаецца з аднайменнага верша «Мы сталі абеліскамі».

Пад тысячамі абеліскаў па ўсёй беларускай зямлі вечным сном спяць мільёны тых, хто не вярнуўся з вайны. І пакуль б’юцца нашы сэрцы, мы не маем права ў паўсядзённых радасцях і клопатах забыцца пра іх подзвіг.

Вынікам нашай працы стала выданне зборнікаў “Нам не дадзена забыць”, “Памяць пра вайну”, “Абеліскі – памяць пра вайну”, “Алея славы: Горацкі раён”. У рамках праекту “Нам не дадзена забыць” падрыхтавана прэзентацыя-даведнік “Мы сталі абеліскамі” для правядзення вочных і завочных экскурсій па памятных месцах на тэрыторыі Горацкага раёна. Зараз мы працуем над стварэннем інфармацыйнага прадукту – web-сайта “Помнікі і мемарыялы на горацкай зямлі”. Чаканы Інтэрнэт-рэсурс павінен мець шырокі сацыяльны ахоп, бо ў гэтым годзе будзе святкавацца 75-годдзе Вялікай Перамогі.

Таццяна БЯЗНОСАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Горак

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий