У рамках рэалізацыі праекта “Субота – дзень не лішні, субота – дзень карысны” 20 сакавіка ў Навадворскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна быў праведзены майстар-клас бацькоў па стварэнні прычосак для школьнікаў “Свет маіх захапленняў”. Яго падрыхтавалі матулі нашых вучняў Паліны Пажарыцкай і Ягора Ганчарэвіча.
На пачатку мерапрыемства класны кіраўнік 7-га класа Святлана Кічкайла пазнаёміла вучняў з прафесіяй цырульніка. Хлопчыкі і дзяўчынкі падумалі над пытаннем, якімі якасцямі павінен валодаць цырульнік-прафесіянал. Затым было самае цікавае – Таццяна Пажарыцкая і Наталля Ганчарэвіч паказалі, якія прыгожыя можна зрабіць прычоскі.
Асабліва цікавіліся працэсам стварэння ўкладак і прычосак дзяўчынкі. Яны з нецярплівасцю чакалі сваёй чаргі. А таксама пад кіраўніцтвам гасцей самі папрактыкаваліся ў стварэнні прычосак сваім сяброўкам. Не засталіся без увагі і хлопчыкі. Ім былі дадзены парады па догляду за валасамі і зроблены ўкладкі. Дзеці ганарыліся сваімі мамамі.
Удзельнікі майстар-класа выказалі жаданне часцей праводзіць такія сустрэчы. Многім дзецям захацелася, каб і іх бацькі былі ўдзельнікамі такіх мерапрыемстваў.
Таццяна САЎКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Навадворскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна