Жаваронкаў выпякаем, птушак сустракаем

- 20:30ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

Народныя абрады і звычаі – традыцыйныя мерапрыемствы ў яслях-садзе № 6 Светлагорска. Яны дапамагаюць дзіцяці зразумець унікальнасць свайго народа, даведацца яго гісторыю, палюбіць радзіму, адчуць яе значнасць у сваім жыцці. 

Вельмі важна, каб дзеці былі носьбітамі сваёй культуры, захоўвалі яе і перадавалі наступным пакаленням. Трэба адзначыць, што работа ўстановы ў гэтым накірунку прыносіць плён. З вялікім задавальненнем і цікавасцю прымаюць удзел у такіх мерапрыемствах як дзеці, так і дарослыя. У асноўным арганізатарам народных свят з’яўляецца музычны кіраўнік Вераніка Дзмітрыева. Педагог умее зацікавіць традыцыямі, паказаць багатую фальклорную спадчыну беларускай нацыянальнай культуры.

Сёлета да традыцыйнага цыклу вясновых святкаванняў мы дадалі займальнае свята “Саракі”. Дзеці даведаліся, не толькі пра дзень вясенняга раўнадзенства, калі даўжыня дня становіцца роўнай працягласці ночы. Лічылася, што ў гэты дзень прылятаюць 40 выраяў і таму, хто ў гэты дзень іх убачыць, будзе спрыяць поспех. На Саракі сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Калі у гэты дзень мароз – чакаць нам яшчэ 40 маразоў. Гаспадыні выпякалі з цеста піражкі ў выглядзе птушак. Іх называлі “жаўрукі”.

Каб хутчэй надышла доўгачаканая вясна і абудзілася зямля ад зімовага сну, далучыліся да святкавання “Саракоў” і выхаванцы. У цікавых народных гульнях яны паказвалі сваю знаходлівасть і спрыт, спявалі вясеннія заклічкі, вадзілі карагоды і выконвалі танец птушак, чыталі вершы пра вясну. Напрыканцы свята дзеці змайстравалі птушак, каб потым павесіць іх на дрэвы.

Нажаль, мерапрыемства прайшло без бацькоў, але мы кожнай сям’і падарылі надрукаваныя рэцэпты для прыгатавання “жаваронкаў” з розных відаў цеста. Вечарам, выходзячы з установы, я пачула размову:

– А мы сёння напячэм “жаваронкаў”? – спытаў Сцяпан у сваей матулі.

– Абавязкова, – адказала яна. – Патрэбна ж паклікаць цёплую сонечную вясну.

Алена ШУСТ,
загадчык
ясляў-сада № 6 Светлагорска

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий