Я хачу расказаць пра маю прабабку. Яна нарадзілася ў 1931 годзе ў вёсцы Самойлавічы Мастоўскага раёна. Маёй прабабцы, Танчык (Габец) Ганне Антонаўне, калі пачалася вайна, споўнілася 9 гадоў. Узрост самага прыгожага дзяцінства, самага вясёлага часу ў жыцці дзіцяці, які быў жорстка перапынены вайной.
У той дзень іх, малалетніх хлопчыкаў і дзяўчынак, сабралі ў вёсцы Пяскі і павезлі ў горад Ваўкавыск. Там усім абрэзалі валасы, ператварыўшы тым самым у аднастайную чалавечую масу, бясполую працоўную сілу, і пагрузілі ўсіх у вагон. Увесь гэты час, як успамінала бабуля, на прывакзальнай плошчы стаяў бясконцы плач дзяцей і іх бацькоў. Здавалася, людзі хацелі дакрычацца да Госпада, каб ён спыніў гэты гвалт. Часам бяссоннымі начамі бабуля чула гэты плач і прачыналася на мокрай падушцы, бо гэтыя жудасныя ўспаміны не адпускалі яе ўсе пасляваенныя гады.
29 сакавіка 1942 года мая бабуля апынулася ва Усходняй Прусіі ў горадзе Гунбнен. Там нямецкія гаспадары-фермеры забралі дзяцей па гаспадарках. Бабуля саджала бручку, ягады, у любое надвор’е палола і ўбірала іх. І ўсё гэта пад крыкі гаспадара і гаспадыні. Яна займалася недзіцячай працай і падарвала сваё здароўе. Толькі ў жніўні 1945 года яна, пасівелая і занураная цяжкай працай, вярнулася на Радзіму.
Я вельмі любіла сваю прабабку Нюру, як мы ўсе яе любячы называлі. Улетку 2019 года яе не стала. Яна была вельмі цікавым суразмоўцам і мудрай жанчынай, і сваю мудрасць яна перадала нам, сваім унукам і праўнукам.
Настасся СЫЧЭЎНІК,
педагог-арганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Свіслачы