Помнім сэрцам

- 12:09ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Валеўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад – сярэдняя школа праведзена шмат мерапрыемстваў.

У пачатковай школе адкрылася выстава дзіцячых малюнкаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне “Мы – праўнукі Перамогі!”. Маленькія вучні адлюстравалі на паперы сваё дзіцячае ўяўленне пра ваенны час, абарону Брэсцкай крэпасці, гераізм салдат, сваіх родных – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Урокі мужнасці “Ніхто не забыты, нішто не забыта” дазволілі яшчэ раз дакрануцца да слаўнай гераічнай спадчыны, адчуць неабходнасць беражліва захоўваць у душы запаветы дзядоў і прадзедаў. Вучні нашай школы імкнуцца быць годнымі іх подзвігу.

Кожны клас прыняў удзел у акцыі “Беларусь памятае!”. Усе вянкі, зробленыя сваімі рукамі, з вялікай адказнасцю і любоўю ўскладзены да помнікаў і брацкіх магіл у вёсках Валеўскага сельскага савета: Кудавічы, Тулічава, Заполле-Ятра.   

Што мы можам сёння? Схіліць галаву перад помнікам і абеліскам… Як і штогод, сёлета у Дзень Перамогі прайшоў мітынг. Удзельнікі ўрачыстасці ўсклалі кветкі да помніка-абеліска. Дырэктар Валеўскага дзіцячага сада –сярэдняй школы Аганоўская Т. Р. гаварыла пра тое, што сваю памяць мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне, як запавет, як сцяг, як сімвал міру. Выключную важнасць Дня Перамогі адзначыў протаіерэй Аляксандр Балахонаў:   

– Гэта свята перамогі дабра над злом, свята, якое аб’ядноўвае ўсіх яго ўдзельнікаў, якія жывуць на зямлі і якія адышлі ў вечнасць, а памяць пра іх самаахвярнасць складае галоўнае багацце нашай душы.

Вучні нашай установы адукацыі сёння аддалі даніну памяці воінам, якія загінулі, абараняючы нашу вёску, і пахаваны на тэрыторыі школы.

Вечная слава і вечная памяць героям!

Ірына РАЧКО,
кіраўнік гуртка “Маладое пяро” Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.