У яслях-садзе № 2 Свіслачы прайшла інтэлектуальная гульня “Знаўцы прыроды”, падчас якой каманды “Васілёк” і “Рамонак”спаборнічалі ў розных конкурсах.
Двое дзяцей выступілі ў ролі экспертаў. Гульня пачалася з размінкі, дзе кожная каманда адказала на шэраг экалагічных пытанняў. Першым быў конкурс “Збяры і раскажы”, дзе кожнай камандзе неабходна было сабраць з пазлаў выяву жывёлы і расказаць пра яе. Далей каманды адгадвалі загадкі на экалагічную тэматыку і знаходзілі адгадку ў прапанаваных малюнках.
У конкурсе “Вызначы птушак” камандзе “Рамонак” неабходна было выбраць пералётных птушак і размясціць іх вакол карцінкі з выявай лета, а камандзе “Васілёк” – выбраць зімуючых птушак і выкласці іх вакол карцінкі з выявай зімы.
У гульні “Чатыры стыхіі” прынялі ўдзел абедзве каманды. У ходзе гульні выхаванцам неабходна было праявіць і спрыт, і кемлівасць, і ўважлівасць. Калі я паказвала карцінку з выявай зямлі, дзеці прысядалі, апускаючы рукі ўніз, карцінку з выявай вады – выцягвалі рукі наперад, імітуючы рух хвалі, карцінку з выявай воблака – паднімалі рукі ўверх, карцінку з выявай агню – хавалі рукі за спіну.
У конкурсе “Назаві адным словам” дзеці замацавалі абагульняючыя словы. Падчас конкурсаў выхаванцы не толькі паўтарылі і сістэматызавалі веды і ўменні ў адукацыйнай вобласці “Дзіця і прырода”, але і атрымалі добры настрой і шмат яркіх эмоцый ад займальнай гульні.
Алена БАСАЛАЙ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 2 Свіслачы