У Макараўскім яслях-садзе – сярэдняй школе Бераставіцкага раёна добра разумеюць, што ўменне чалавека ажыццяўляць пошукавую, даследчую дзейнасць набывае ўсё большую актуальнасць. Фарміраванне вопыту даследчай дзейнасці пачынаецца з самых ранніх гадоў.
Пытанні што? навошта? і чаму? нястомна хвалююць нашых другакласнікаў Яна і Івана. Сваю дапытлівасць яны праяўляюць у вучэбнай дзейнасці і ў пазаўрочны час. Падтрыманню іх пазнавальнай цікавасці спрыяюць факультатыўныя заняткі “Мы спазнаём свет”, у рамках якіх хлопчыкі вучацца рашаць праблемы, задаваць пытанні, выказваць гіпотэзы, назіраць, выконваць вымярэнні, параўноўваць, праводзіць эксперыменты, рабіць высновы, а таксама прадстаўляць вынікі сваёй працы. Так, хлапчукі зацікавіліся крышталямі і нават правялі эксперымент (свой першы сур’ёзны вопыт) па вырошчванні крышталяў. Для доследу былі выкарыстаны медны купарвас і раствор карбаміду, полівінілавы спірт з набору “Каралы”.
Вынік пераўзышоў чаканні. Здзіўленне, захапленне, радасць перапаўнялі юных “хімікаў”. Хлопчыкі падзяліліся вынікамі свайго даследавання з сябрамі ў школе і прадставілі работу “Вырошчванне крышталяў у хатніх умовах” на школьнай навукова-практычнай канферэнцыі.
Узровень дапытлівасці, імкнення да зразумення нязведанага ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту вельмі вялікі. Неабходна толькі падтрымаць у дзяцей цікавасць да пазнання, накіраваць іх даследчую дзейнасць у сацыяльна значны кірунак.
Марыя САРАСЕК,
настаўнік пачатковых класаў
Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна