Стэндавы мадэлізм – адно з самых цікавых і папулярных хобі, якое не ведае ўзроставых межаў. Дзясяткі тысяч людзей па ўсім свеце з задавальненнем прысвячаюць яму свой вольны час. Вось і хлопцы Ваўкавыскага раёна праявілі свае здольнасці ў мадэляванні тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны.
На раённы этап абласнога конкурсу стэндавых мадэляў “На зямлі, у небе і на моры” былі прадстаўлены работы ў намінацыях: “Мадэлі, вырабленыя па чарцяжах з любога матэрыялу”, “Мадэлі з кардона і паперы з набораў”, “Мадэлі з пластмасы з набораў”, “Дыярамы”. Самая папулярная мадэль сярод экспанатаў – танк Т-34. Таксама на конкурсе прадставілі авіяцыю ваенных часоў: знішчальнік Як-3, ІЛ-2. Ну і, вядома ж, сімвал Вялікай Айчыннай вайны – баявую машыну “Кацюша”.
Пераможцы раённага этапу ў канцы красавіка прадстаўлялі наш раён на абласным конкурсе. Па яго выніках тры хлопцы з Ваўкавыскага раёна атрымалі дыпломы II ступені: Ягор Макаеў, навучэнец сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання, які прадставіў мадэль танка Т-34; Кірыл Задзіран, выхаванец Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі – БМ-13 “Кацюша”; Дзмітрый Анісімаў, выхаванец таго ж цэнтра, прадставіў серыю танкаў КВ-1, Т-34/76, “Кромвель” МК.IV. Міхаіл Панасік, таксама выхаванец цэнтра тэхнічнай творчасці, адзначаны дыпломам удзельніка за мадэль знішчальніка Як-3.
Віншуем навучэнцаў з перамогай! Жадаем далейшых поспехаў у тэхнічнай творчасці!
Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра
тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі