- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Чароўныя гукі музыкі

 

З мэтай удасканалення прафесійнай кампетэнтнасці музычных кіраўнікоў у пытаннях фарміравання ў выхаванцаў выразных спеваў, самавыражэння ў музычных імправізацыях у яслях-садзе № 24 Ліды адбылося метадычнае аб’яднанне музычных кіраўнікоў.  

Музычны кіраўнік Інэса Жалудзевіч правяла заняткі “Чароўныя гукі музыкі”. У госці да выхаванцаў старшай групы завітала Чараўніца гукаў, з якой яны адправіліся ў чароўную лабараторыю. Дзеці ігралі на музычных баначках, у гукавой кампазіцыі “Незвычайны канцэрт” адрознівалі высокія і нізкія гукі. Развучвалі беларускую народную песню “Зайграй, мне дударочку”, на прыпеў імправізавалі: хлопчыкі бралі музычныя шарыкі і з дапамогай іх стваралі музычны акампанемент, а дзяўчынкі – пры дапамозе воплескаў рук. Падчас праслухоўвання музычнага твора “Песня жаваранка” П.І.Чайкоўскага з дзецьмі праводзілася індывідуальна-дыферэнцаваная работа: адны пры дапамозе палотнаў перадавалі вышыню гукаў (калі музыка гучала нізка, то палотны выхаванцы трымалі ўнізе, а калі падымалася ўверх, то палотны трымалі высока), другія – вызначалі настрой музыкі пры дапамозе фарбаў і вады (калі музыка радасная і вясёлая, выкарыстоўвалі яркія фарбы, а калі сумная, то цёмныя фарбы), астатнія пры дапамозе птушачак вызначалі вышыню гукаў (калі мелодыя гучала нізка – птушачак дзеці чаплялі на траўку, а калі высока – на неба). З цікавасцю для выхаванцаў прайшла музычная гульня з імправізацыяй “Ты, зязюлька, не кукуй”, танец са спевамі “Весялуха”. У канцы заняткаў дзеці падзяліліся ўражаннямі пра незвычайнае падарожжа.

Асаблівую цікавасць выклікаў у музычных кіраўнікоў раёна прагляд відэазапісу фальклорнага свята “Гуканне вясны”, праведзенага музычным кіраўніком Сняжанай Шэшка. На працягу свята гучала беларуская народная мелодыя, з выхаванцамі былі праведзены гульня-карагод “Іванка”, гульня “Зіма супраць Вясны”, казка-шумелка “Вясна-красна”, сольная і калектыўная імправізацыя танцавальных рухаў.

Музычныя кіраўнікі Інэса Жалудзевіч, Сняжана Шэшка падзяліліся эфектыўнымі метадамі і формамі работы з выхаванцамі па фарміраванні ў дзяцей уменняў выразна выконваць песні, самастойна імправізаваць з выкарыстаннем даступных сродкаў музычнай выразнасці ў розных відах музычнай дзейнасці.

Спадзяёмся, што праведзенае метадычнае аб’яднанне дазволіць удасканаліць работу музычных кіраўнікоў раёна па фарміраванні асноў эстэтычнай культуры сродкамі музычнага мастацтва.

 

Алена ВАЙТКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 24 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий