Традыцыйна напярэдадні Дня Перамогі ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна ва ўсіх класах праходзяць урокі мужнасці. Гэта магчымасць пашырыць уяўленні пра Вялікую Айчынную вайну праз вывучэнне гісторыі нашай краіны і малой радзімы, успаміны ветэранаў вайны і відавочцаў тых жудасных падзей, людзей, якія прымусова былі вывезены на працу ў Германію. Урокі мужнасці неабходны для таго, каб яшчэ раз усвядоміць і ацаніць магчымасць жыць і вучыцца, працаваць пад мірным небам.
Навучэнцы 8-га класа на ўроку мужнасці “Дзень Перамогі” перанесліся праз гады ў мінулае і ўзгадалі школьнікаў, для якіх Вялікая Айчынная вайна стала пачаткам дарослага жыцця. У цяжкія дні вайны дзеці пасталелі і адразу сталі больш сур’ёзнымі, яны поруч з дарослымі змагаліся да апошняй кроплі крыві.
Падчас урока дэманстравалася прэзентацыя “Дзіцячы фронт”, навучэнцы падрыхтавалі літмантаж “З вуснаў у вусны” пра гераізм і адданасць піянераў-герояў.
Дзеці арганізавалі віртуальную экскурсію па памятных мясцінах Вялікай Айчыннай вайны “Прыйсці да Вечнага Агню”, прысвечаную Дню Перамогі. Кожны з прысутных выступіў у ролі экскурсавода і паведаміў пра гісторыю стварэння памятнага аб’екта і нагоду яго адкрыцця. Так усе мелі магчымасць пазнаёміцца з мемарыяльным комплексам “Брэсцкая крэпасць-герой”, мемарыяльным комплексам “Прарыў”, помнікам героям Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе Віцебску, мемарыяльным комплексам “Буйніцкае поле” у горадзе Магілёве, гісторыка-культурным комплексам “Лінія Сталіна”, скульптурнай кампазіцыяй у горадзе Жодзіна, прысвечанай маці-патрыётцы Анастасіі Фамінічне Купрыянавай, якая адправіла на фронт усіх сваіх сыноў, самае дарагое для кожнай жанчыны-маці.
Навучэнцы ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ветэранаў, якія не дажылі да сённяшніх дзён, мінутай маўчання.
Таццяна ЖЫНКО,
настаўнік
Хвінявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна