Вучні 8 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды, працягваючы знаёмства з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна ў рамках праекта “Эканоміка. Асоба. Будучыня”, наведалі Лідскі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі і пазнаёміліся ўласна з асаблівасцямі працы метролагаў.
Экскурсію для школьнікаў правёў начальнік метралагічнай службы Юрый Кавалёў. Шмат новага і цікавага адкрылі для сябе вучні падчас наведвання арганізацыі.
Юрый Анатольевіч, расказваючы аб спецыяльнасці метролага, звярнуў увагу на тое, чым менавіта займаюцца на працоўных месцах супрацоўнікі, а гэта паверка і рамонт сродкаў вымярэння. Асноўнымі задачамі метралагічнай службы з’яўляюцца забеспячэнне дакладнасці вынікаў метралагічнага кантролю і выкананне патрабаванняў заканадаўства аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў. Як пераканаліся вучні, гэта вельмі неабходна і адказна.
Акрамя цікавай інфармацыі навучэнцы мелі магчымасць непасрэдна наведаць і ўбачыць лабараторыі паверкі цеплатэхнічных, оптыка-фізічных, фізіка-хімічных, механічных, электрычных сродкаў вымярэнняў, лабараторыю выпрабаванняў і рамонту. Наведванне лабараторый дазволіла школьнікам уласна ўбачыць працоўныя месцы метролагаў.
Напрыканцы экскурсіі начальнік метралагічнай службы звярнуў увагу экскурсантаў на тое, што ўжо сёння яны павінны задумацца аб магчымасці выбару будучай прафесіі. Магчыма хтосьці з вучняў у будучым звяжа сваё жыццё з тэхнічнымі спецыяльнасцямі, тады адным з месцаў іх працы можа стаць Лідскі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі.
Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды