Цікавы фармат святкавання Дня настаўніка  

- 18:10ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Да святкавання Дня настаўніка ў Навадворскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна ставяцца з асаблівым пачуццём, аддаючы даніну павагі тым, хто працаваў і працуе з дзецьмі. У гэтым годзе вучні прапанавалі новы цікавы фармат мерапрыемства.

Усе, хто мае хоць якое дачыненне да школы, успрымаюць свята, якое адзначае краіна ў першую нядзелю кастрычніка, як сваё і блізкае. А калі мець на ўвазе, што кожны з беларусаў або хадзіў у школу як вучань, або ходзіць як настаўнік, або водзіць сваіх дзяцей як бацька, то можна смела канстатаваць, што Дзень настаўніка ў нашай краіне – свята агульнанацыянальнае і вельмі жаданае.

Такім яно традыцыйна з’яўляецца і ў Навадворскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна, дзе заўсёды ганарыліся і ганарацца сваімі таленавітымі педагогамі. Законы педагагічнага майстэрства, дзе галоўнае – кампетэнтнасць, павага і ўвага да вучня, супрацоўніцтва з бацькамі, неабходнасць інавацый і пастаяннага руху наперад даўно закладзены ў калектыве тымі педагогамі, якіх сёння мы называем ветэранамі педагагічнай працы, з якімі раімся і да парад якіх прыслухоўваемся.

Свята настаўніка заўсёды пачынаецца з віншаванняў ветэранаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Гэта ганаровая місія членаў валанцёрскага атрада “ЭКА-двор”, якія далучыліся да абласной акцыі “Ад усёй душы з паклонам і любоўю”. Кветкі і віншаванні – справа прыемная, але даражэй за ўсё – увага, жывыя зносіны, успрыманне таго, што ты не адзінокі і патрэбны. Шкада, што далучыцца да школьных святочных мерапрыемстваў ветэранам не дазволіла эпідэміялагічная сітуацыя, але мы ведаем, што яны заўсёды з побач з намі.  

Святкаванне Дня настаўніка непасрэдна ў школе мела сёлета новы фармат. Па-першае, поўнымі гаспадарамі свята былі вучні, а настаўнікі – толькі віноўнікамі ўрачыстасці. Кветкі і віншаванні на школьным ганку, музычныя перапынкі з любімымі мелодыямі, насценгазета з пажаданнямі дабра і поспехаў кожнаму асабіста – ўсё гэта стварала святочны настрой. А вяршыня свята – мерапрыемства, форму якога мы так і не змаглі вызначыць. Як назваць тое, калі настаўнікі і старшакласнікі разам за кубачкам кавы з тортам, які самастойна прыгатавалі дзяўчынкі, гутарылі і жартавалі, успаміналі студэнцкія гады, спявалі песні і чыталі любімыя вершы, стараліся пазнаць сваіх настаўнікаў і калег на дзіцячых і студэнцкіх фотаздымках?

У адным мы засталіся салідарныя – гэта свята дапамагло нам усвядоміць сябе адной камандай, пачуць і ўбачыць цікавыя грані нашых асоб і навучыцца паважаць адно аднаго. Несумненна, яно прайшло пад дэвізам “Са святам, нашы дарагія!”

 

Ларыса ПАРХІМОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Навадворскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий