Навучэнцы 9-х класаў сярэдняй школы № 11 Ліды ў шосты школьны дзень здзейснілі экскурсію ў гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, дзе змаглі дакрануцца да гісторыі і подзвігу народа.
Гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна” – адзін з найбольш грандыёзных фартыфікацыйных ансамбляў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які быў створаны да 60-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне па ініцыятыве дабрачыннага фонду “Памяць Афгана” пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Ужо на самым пачатку экскурсіі вучні былі ўражаны ад знаёмства з аб’ектамі сістэмы ўмацаванняў, ад пачутых фактаў і, канечне, ад шматлікіх відаў тэхнікі, размешчанай на тэрыторыі комплекса, які займае плошчу каля 30 га.
Падчас экскурсіі па ўчастку Мінскага ўмацаванага раёна дзевяцікласнікі наведалі два савецкіх ДОТы пабудовы 1932 года, траншэі, агледзелі ўчастак інжынернага абсталявання мяжы, бронекалпакі, некаторыя асобнікі тэхнікі, а таксама агледзелі пляцоўку, на якой праводзяцца ваенна-гістарычныя рэканструкцыі і спаборніцкія шоу “Танкавы біятлон”. Акрамя гэтага, навучэнцы наведалі павільёны хадавой тэхнікі і экспазіцыю “Наш бронецягнік”.
Упэўнена, што наведванне гісторыка-культурнага комплекса “Лінія Сталіна” стала для юнакоў і дзяўчат наглядным урокам гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пакінула глыбокі след у душах маладых людзей і ўсведамленне таго, якім коштам была заваяваная Перамога, разуменне каштоўнасці міру, свабоды і незалежнасці роднай краіны.
Сёння гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна” – гэта не проста музей пад адкрытым небам, а сімвал гераічнай барацьбы савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сімвал адзінства народа і яго мужнасці.
Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 9 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды