Тыдзень вераб’евіцкіх вучняў у школьным музеі  

- 12:01ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Вераб’евіцкім дзіцячым садзе – базавай школе Навагрудскага раёна завяршыўся тыдзень музеяў, аб’яўлены Гродзенскім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства.

Гэта падзея яшчэ раз засведчыла, наколькі папулярны і запатрабаваны гэты від пазаўрочнай дзейнасці ў нашай установе. З першых дзён тыдня стала зразумела, што мерапрыемствы выклікалі цікавасць не толькі вучняў, але і іх бацькоў. Напрыклад, аргкамітэт музея за некалькі дзён атрымаў больш за сто фотаздымкаў для фотафыставы “Мая вёска сёння”. Асаблівую актыўнасць у гэтым праявілі бацькі, якія пажадалі пакінуць для гісторыі сучасныя краявіды сваіх вёсак. Выстава папаўнялася на працягу ўсяго тыдня. Таксама сярод бацькоў атрамала папулярнасць штодзённая акцыя “Музей у падарунак маме”, падчас якой вучні запрашалі сваіх мам, бабуль у школьны музей і знаёмілі з яго экспазіцыяй. Такая актыўнасць і супрацоўніцтва падаюцца асабліва важнымі для папулярызацыі школьнага музея сярод насельніцтва.

На працягу тыдня дзейнічала часовая экспазіцыя “Гісторыя адукацыі ў краі”, на якой былі прадэманстраваны экспанаты, што тычацца гісторыі адукацыі ХІХ–ХХ стст.: ад кнігі Фламарыёна “Атмасфера” ХІХ ст., падручнікаў пачатку ХХ ст., польскіх падручнікаў 1920–1930 гг. да дакументаў і школьных рэчаў другой паловы ХХ ст.

Пачаўся тыдзень з напоўненага тапанімічнай гісторыяй нашай мясцовасці інтэрактыўнага падарожжа вучняў малодшых класаў “Назвы вёсак у легендах, паданнях і навуковай літаратуры”. Найбольш актыўнымі ў гэтай незвычайнай вандроўцы аказаліся Маргарыта Гнілякевіч, Максім Разанаў, Дар’я Радзецкая, Матвей Кучук.

Наступны дзень прайшоў не менш цікава і пазнавальна. Хлопчыкі і дзяўчынкі 5–6-х класаў наведалі ў школьным музеі майстар-клас “Прадметы быту канца ХІХ – пачатку ХХ стст. у дзеянні”. Вучні не толькі пазнаёміліся з прадметамі быту, прыстасаваннямі і інструментамі гэтага перыяду, але і паспрабавалі іх у дзеянні. Дзеці змаглі нашчапаць лучыны спецыяльнай сякеркай, паважыць рукзак старадаўнім бязменам, папрасаваць бялізну рубелем, падрыхтаваць да працы керасінавую лямпу. А прымераць андарак прышлося па душы ўсім модніцам-дзяўчынкам.

Дэбютным выступленнем для нашых пачынаючых экскурсаводаў Алесі Крылавец і Яўгеніі Гнілякевіч стала мабільная экскурсія “Музей у кашальку”. Дзяўчынкі праз калекцыю сабраных у кашальку грошай нагадалі вучням 5–8-х класаў пяць стагоддзяў беларускай гісторыі.

Наступнае мерапрыемства сабрала ў музеі за круглым сталом вучняў 9-га класа. Разам з настаўнікам гісторыі Д.Б.Марозам юнакі і дзяўчаты паразважалі над тэмай “Праявы палітыкі нацыстаў на нашай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны” і прыйшлі да высновы, што нельга дапусціць, каб такое паўтарылася.

Завяршыўся тыдзень квест-экскурсіяй “Постаці роднага краю”. Зборныя каманды 7-х і 8-х класаў, каб атрымаць важную інфармацыю пра сваіх землякоў Ф.Еўлашоўскага, У.Дыбоўскага, генерала Дж.О’Рурка, Я.Булгака і іншых, пераадольвалі перашкоды ў выглядзе выканання заданняў на веданне гісторыі сваёй мясцовасці па раздзелах экспазіцыі школьнага музея.

Музейны пакой, а з 2007 года – школьны музей, мае багаты асноўны фонд экспанатаў (больш за 800), што дазваляе праводзіць цікавыя, напоўненыя мясцовым краязнаўчым матэрыялам мерапрыемствы. Можа, таму яны заўсёды выклікаюць актыўную зацікаўленасць і ўносяць важны ўклад у выхаванне пачуцця любові, павагі і гонару да сваёй малой радзімы.

 

Ларыса МАРОЗ,
кіраўнік школьнага музея,
Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий