Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Нягневіцкай сярэдняй школе

- 17:55ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Год народнага адзінства настаўнікаў і вучняў Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна аб’ядноўвае вялікая, шчырая любоў да роднай мовы. Прыкладам таму можа служыць тыдзень беларускай мовы і літаратуры, які традыцыйна праходзіць увосень.

“Мова народа – яго святыня” – гэтыя словы сталі своеасаблівым дэвізам для ўсіх удзельнікаў мерапрыемстваў, спланаваных у межах тыдня беларускай мовы і літаратуры. Інтэрактыўныя формы, гульнёва-пазнавальная дзейнасць садзейнічалі абуджэнню цікавасці да роднай мовы, актыўнаму пошуку, сэнсатворчасці, далі магчымасць самавыяўлення, самарэалізацыі, развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці і творчых здольнасцей.

Наведванне выставы “Пісьменнікі-юбіляры – 2021”, удзел у конкурсе эрудытаў “Слова роднае – вечнасці след”, гульня-падарожжа па беларускіх народных казках “Фальклорныя скарбы народа”, віктарына “Пазнай мяне” на веданне беларускіх казак, свята “Непаўторны свет паэзіі”, падчас якога ў суправаджэнні музыкі І.Лучанка, А.Іванова, Э.Ханка прагучалі вершы беларускіх паэтаў у выкананні дзяцей і настаўнікаў, прычым, не толькі настаўнікаў-філолагаў, але і настаўнікаў фізікі, інфарматыкі, гісторыі.

Найбольш жа запомніўся QR-квест “З куфра ўсяго многа”. На падрыхтоўчым этапе вучні 11-га класа стварылі філворды, у якіх зашыфравалі назвы экспанатаў школьнага музея. На каляровых аркушах блакітнага колеру – назвы рэчаў, звязаных з побытам нашых продкаў, зялёнага – з сялянскай працай, чырвонага – з народнымі святамі, ружовага – з узорамі нацыянальнага адзення беларусаў. Старшакласнікі раздрукавалі маршрутны ліст і заданні да этапаў квеста. На старце гульні ўдзельнікі разгадалі філворды, а затым адправіліся на станцыі “Вясковая”, “Мястэчка майстроў”, “Модны фальварак”, “Творчая”. Перад вучнямі разгарнулася незвычайная, цікавая гісторыя жыцця нашых продкаў, якая размаўляла з дзецьмі мовай рэчаў, прылад працы. Спадабалася ўсім заданне на станцыі “Творчая”: прыдумаць рэкламу турыстычнага маршруту па школьным музеі.

Перажытымі пачуццямі па выніках тыдня дзеліцца Яўгенія Арцюх: “Я адкрыла для сябе нанова роднае беларускае слова. Чытала ўрывак з аповесці Івана Шамякіна “Сэрца на далоні” і ўяўляла вясёлкавы ручэй, па каменьчыках якога струменяцца словы роднай мовы”. “А я зразумела, што беларуская мова цёплая, як агеньчых добрых вачэй матулі, і ціхая, як калыханка, што мая матуля спявае браціку”, – дадае Даша Сап’янік.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры закончыўся. Мы, настаўнікі, пераканаліся, што такія мерапрыемствы патрэбныя і цікавыя вучням. Мы бачым, што кожны ўдзельнік знайшоў нешта сваё, тое, што ўразіла і стала асабіста значным.

 

Марына СЯВЕЦ,
Ірына НЕСЦЕР,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий