У Беларусі 2018–2020 гады праходзяць пад знакам Года малой радзімы. З гэтай нагоды ў яслях-садзе № 35 Гродна праходзіць шмат мерапрыемстваў, многія з якіх праводзяцца ў рамках дзён беларускай мовы, што ладзяцца ва ўстанове кожны чацвер. Выхаванцы знаёмяцца з вядомымі дзеячамі Беларусі і роднага краю, спазнаюць культуру, непаўторны каларыт беларускай мовы, вывучаюць гісторыю свайго народа і свайго горада.
Так супала, што менавіта ў чацвер, 18 чэрвеня, адзначаецца 90-годдзе кампазітара Яўгена Канстанцінавіча Петрашэвіча – вядомага гродзенскага кампазітара, музыканта, паэта, таленавітага педагога, стваральніка і кіраўніка фальклорнага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі”.
З творчасцю Яўгена Канстанцінавіча нашы выхаванцы ўжо добра знаёмыя. Яшчэ раней дзеці наведалі віртуальны музей, які дзейнічае пры Гродзенскім прафесійна-тэхнічным каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва. Яны пазнаёміліся з экспазіцыяй музея “Наша спадчына”, якая якраз прысвечана Яўгену Петрашэвічу. Малыя разгледзелі і вывучылі сабраныя экспанаты, рукапісныя ноты, зборнікі, кнігі, музычныя інструменты, многія іншыя рэчы, якія належалі майстру. Менавіта тут ім прадставілася ўнікальная магчымасць даведацца пра творчы шлях вядомага кампазітара, паспрабаваць сыграць на музычных інструментах, на некалькі хвілін адчуць сябе знакамітымі “гарадзенскімі дударыкамі”. Таксама выхаванцы ясляў-сада праспявалі добра знаёмыя ім песні славутага земляка. І, як усе наведвальнікі музея, маленькія госці вельмі хацелі пакінуць свае самыя найлепшыя словы падзякі ў кнізе памяці Яўгена Петрашэвіча і зрабілі гэта як змаглі – малюнкамі!
Карыстаючыся магчымасцю, ад усяго нашага калектыву, выхаванцаў і іх бацькоў хочу выказаць словы падзякі адміністратару музея Ларысе Хацько за выдатную арганізацыю экскурсіі.
А 18 чэрвеня работнікі бібліятэкі запрасілі нашых выхаванцаў на сустрэчу ў анлайн-рэжыме, каб яны паслухалі “Байкі-непазяхайкі” Яўгена Петрашэвіча. У гэты ж дзень у рамках дзён беларускай мовы ў яслях-садзе № 35 Гродна прайшлі гульні і заняткі пад назвай “Музыка – маё жыццё”. На працягу дня гучалі песні і вершы кампазітара, выхаванцы выканалі на музычных інструментах “Марш гарадзенскіх дударыкаў” і чыталі вершы паэта-земляка ў кніжках-малышках, якія зрабілі самі разам з бацькамі.
Алена ЖАГАЛА,
загадчык ясляў— сада № 35 Гродна