Цікавым выдалася лета для навучэнцаў Любчанскай сярэдняй школы, а дакладней – для аграрнай групы вучняў 10-га класа. Іх запрасіў профільны лагер “ПрафСТАРТ”, які працуе дыстанцыйна і арганізаваны Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.
Пытанне ці стаць яго ўдзельнікам у нашых вучняў не ўзнікала. Усе зарэгістраваліся і адразу ж атрымалі першае заданне для каманд. Візітка каманды “Любчане” з’явілася на сайце “АграКлуба”. Далей – яшчэ цікавей: калаж “Шлях да прафесіі”, эсэ-фантазія “Калі б я быў міністрам сельскай гаспадаркі” і многа іншых магчымасцей рэалізаваць сябе. А ў выхадныя дні будучыя аграрыі рыхтаваліся да сумеснага выканання гімна лагера. Усё атрымалася.
І сапраўды, лета – на карысць. Добрая магчымасць праявіць сябе, выхаваць адказнасць за сумесную справу, а самае галоўнае – глыбей пазнаць сваю будучую прафесію.
Марына ЛЯЎША,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна