Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення – адна з важных задач сучаснай школы. У навучэнцаў павінна быць сфарміравана пачуццё гонару за сваю радзіму і свой народ, павага да яго слаўных старонак мінулага. Вядучая роля ў дасягненні гэтай мэты належыць школьным музеям.
Сёння асноўны кірунак дзейнасці музея – гэта краязнаўства, якое садзейнічае выхаванню павагі да гісторыі і культуры малой радзімы.
У 2020 годзе наша краіна адзначыла 75-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа. Як бы час не аддзяляў нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, памяць пра суровыя выпрабаванні павінна быць захавана ў нашых розумах і сэрцах. Менавіта гэтая значная дата шмат у чым прадвызначала дзейнасць нашага школьнага музея баявой славы імя П.І.Купрыянава.
З сакавіка па верасень 2020 года з мэтай падрыхтоўкі да рэспубліканскага конкурсу “Войны священные страницы навеки в памяти людской” у нашай установе адукацыі вялася актыўная праца па зборы і сістэматызацыі матэрыялу, прысвечанага педагогам школы, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны.
У вывучэнні матэрыялаў былі задзейнічаны амаль усе вучні з савета музея і клуба “Юны Купрыянавец”, але асноўная работа была выканана навучэнкай 10-га класа Аляксандрай Пляшкевіч. Так быў аформлены матэрыял для ўдзелу ў конкурсе ў намінацыі “Педагогі –удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны” пад назвай “Мы будзем памятаць вас заўсёды!”.
У даследчай рабоце распавядаецца пра 16 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, лёсы якіх звязаныя з гісторыяй дзіцячага сада – сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна.
Дзякуючы праведзенай рабоце быў сістэматызаваны матэрыял, які доўгія гады збіраўся ў школьным музеі. Навучэнцы з савета музея дапамаглі Аляксандры стварыць біяграфічныя партрэты педагогаў, якія працавалі ў нашай школе, апісаць іх баявы і працоўны шлях. Жыццёвыя гісторыі з успамінаў настаўнікаў, якія захоўваліся ў музеі, дазволілі рэканструяваць некаторыя падзеі ваенных і пасляваенных гадоў.
На падставе вывучаных матэрыялаў для навучэнцаў старэйшых класаў быў арганізаваны вусны часопіс “Мы будзем памятаць вас заўсёды!”, старонкі якога падрабязна пазнаёмілі дзяцей з гісторыяй жыцця педагогаў, якія ўнеслі свой уклад у перамогу над фашызмам.
Школьны музей валодае велізарным адукацыйна-выхаваўчым патэнцыялам. Атмасфера музея дазваляе вучням дакрануцца да гісторыі, убачыць гісторыю краіны на прыкладзе сваёй школы, раёна і горада. Праца школьнага музея арыентавана на захаванне існуючых традыцый і пераемнасці пакаленняў, на выхаванне павагі да падзей мінулага, фарміраванне патрыятызму і пачуцця прыналежнасці да гістарычнага мінулага сваёй краіны.
Наталля ШЭПЕЛЕВІЧ,
настаўнік гісторыі
дзіцячага сада– сярэдняй школы № 1
імя П.І.Купрыянава Жодзіна,
кіраўнік музея баявой славы
Фота аўтара
На фота: навучэнка 10-га класа Аляксандра Пляшкевіч