У заключным этапе рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў “JuniorSkills Belarus – 2020”, што праходзіў у гандлёва-выставачным цэнтры Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку “Вялікі камень”, прымала ўдзел дэлегацыя Гродзеншчыны. Юнакі з Ваўкавыска вярнуліся з узнагародамі.
Конкурс праходзіў у рамках рэспубліканскага руху “JuniorSkills Belarus”, які пачаўся ў 2015 годзе, і праводзіўся з мэтай удасканалення сістэмы прафесійнай арыентацыі навучэнцаў і стварэння магчымасцей для асваення асноў прафесійных кампетэнцый. “JuniorSkills” з’яўляецца часткай руху “WorldSkills”.
Заданні для ўдзельнікаў былі разлічаны на два конкурсныя дні. Навучэнцам патрабавалася паказаць узровень сваіх ведаў і майстэрства, максімальна раскрыць свае магчымасці. У складзе каманды Гродзенскай вобласці ў кампетэнцыі “Графічны дызайн” (10–13 гадоў) прымаў удзел навучэнец Ваўкавыскага раённага ЦТТДзіМ Глеб Ягораў, які займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах “Вектар”. Падрыхтоўкай да рэспубліканскага конкурсу кіравала педагог дадатковай адукацыі Юлія Уладзіміраўна Яновіч. Па выніках рэспубліканскага конкурсу Глеб узнагароджаны медалём, дыпломам II ступені і каштоўным падарункам. У абласным этапе конкурсу ён заняў I месца.
Яшчэ адзін ваўкавычанін вярнуўся дадому з перамогай. Навучэнец сярэдняй школы № 2 Ваўкавыска Мікалай Папоў узнагароджаны дыпломам III ступені ў кампетэнцыі “Электроніка”. Трэнерам і настаўнікам Мікалая быў яго бацька Раман Аляксандравіч.
Усяго камандзе Гродзенскай вобласці ўдалося заваяваць сем прызавых месцаў, з якіх тры дыпломы II ступені і чатыры дыпломы III ступені. Віншуем пераможцаў і жадаем поспехаў у далейшай творчай дзейнасці!
Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра
тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі