“Сустрэчы на ўсе 100!” – праект Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, які дае кожнаму ўдзельніку ўнікальную магчымасць асабістых зносін з дзеячамі культуры і мастацтва, навукоўцамі, спартсменамі, грамадскімі дзеячамі і вядомымі асобамі сучаснай Беларусі. Ён дазваляе ўзбагаціць сябе новымі ведамі ў галіне мастацтва, навукі, культуры, літаратуры і спорту. Адна з такіх сустрэч прайшла ў сярэдняй школе № 2 Ваўкавыска.
Сустрэча была прысвечана 30-годдзю Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Піянеры дружыны імя М.Амшэя сярэдняй школы № 2 Ваўкавыска атрымалі ўнікальную магчымасць асабістых зносін з Браніславай Іванаўнай Жэрдзецкай – ветэранам педагагічнай працы, якая шмат гадоў працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, і Ганнай Сцяпанаўнай Козел, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Ваўкавыска – ветэранам піянерскага руху.
Браніслава Іванаўна падзялілася ўспамінамі пра сваё піянерскае дзяцінства, калі яна была старшынёй савета дружыны, расказала пра педагагічную дзейнасць. Цікава было пачуць ўспаміны Ганны Сцяпанаўны пра тое, як працавала піянерважатай. Яна расказала некалькі цікавых гісторый са свайго піянерскага жыцця.
Піянераў дружыны імя М.Амшэя чакаў сапраўдны сюрпрыз – верш, напісаны Браніславай Іванаўнай спецыяльна для нашай сустрэчы і прысвечаны Дню нараджэння БРПА.
Цікава прайшоў адкрыты дыялог паміж гасцямі і юнымі піянерамі. Школьнікі з задавальненнем задавалі пытанні, якія іх цікавілі, а госці з радасцю на іх адказвалі. Мерапрыемства прайшло ў цёплых, сяброўскіх абставінах і стала сапраўдным святам для ўсіх. Піянеры змаглі асабіста пагутарыць з цікавымі людзьмі, чые гісторыі і жыццёвы вопыт дапамогуць сённяшнім вучням вызначыць правільныя арыенціры на будучыню, паслужаць яркім прыкладам.
Людміла СТАСЮК,
педагог-арганізатар
сярэдняй школы № 2 Ваўкавыска