Забытыя гульні

- 8:25ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Адбяры ў дзіцяці гульню – і атрымаеш асобу, не падрыхтаваную да жыцця. У сучасным свеце шмат камп’ютарных, інтэлектуальных гульняў. Але, як паказвае апытанне, дзеці жадаюць ведаць і тыя гульні, у якія гулялі іх бацькі і дзяды. У межах раённага праекта “Мудрасць і талент роднай зямлі” вучні Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна сабралі падрабязныя звесткі пра тыя гульні і забаўкі, за якімі на працягу мінулага стагоддзя праводзілі вольны час вясковыя дзеці.

Напрыклад, у шашкі, фішкі для якіх выраблялі з буракоў і бульбы, гулялі на Лідчыне яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Для гульні дзеці выбіралі роўную пляцоўку. Чарцілі на зямлі гульнёвае поле, раскладалі на ім розныя па колеры караняплоды, і пачыналася гульня.

Гульня “У свінню” таксама даваенная. Удзельнічаць у ёй маглі некалькі чалавек. Неабходна было зрабіць у зямлі некалькі маленькіх ямачак. Удзельнікі трымалі ў руках палку і стараліся трапіць ёю па камені (“свінні”) так, каб “свіння” трапіла ў ямку. Пасля дзесяці спроб вызначаўся пераможца.

Гульня “Падкідванне яек” праводзілася ў Велікодны перыяд у 30–40-я гады ХХ стагоддзя. Удзельнікі ішлі на балота. Падкідалі яйкі ўгору і стараліся злавіць іх рукамі ці ў шапку. Калі яйка ляцела міма, яно трапляла ў багну. Тыя яйкі, якія не злавілі, не ўдзельнічалі больш у гульні. Пасля гульні іх маглі вылавіць, абмыць і скарміць хатняй жывёле.

Забава з абуткам, па словах яе ўдзельнікаў, адбывалася пасля вайны на свята Вялікдзень. Раніцай моладзь выходзіла на вуліцу і кідала абутак на дрэва. Было дзве спробы. Калі абутак павісне на дрэве, то чалавеку пашанцуе ў гэтым годзе, калі не – будуць непрыемнасці.

Гульня “Гарады” была пашырана ў нашай вёсцы ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Дзеці гулялі ў яе на дарозе. Удзельнічаць у гульні магла неабмежаваная колькасць дзяцей. На ўсю шырыню дарогі чарціўся круг, які дзяліўся на сектары. Кожны ўдзельнік займаў адзін сектар, якому даваў назву горада. Назва запісвалася ў цэнтры сектара. Затым кожны чалавек па чарзе пачынаў “захопліваць” горад. Калі мішэнь была выбрана, трэба было як мага далей скокнуць у сектар любога праціўніка і адчарціць мяжу, гэта значыла, што частка “горада-сектара” пераходзіла да таго чалавека, які здзяйсняў захоп. Пасля надыходзіла чарга скакаць іншаму ўдзельніку. Гульня працягвалася да таго часу, пакуль не заставаўся адзін горад, які станавіўся пераможцам.

Гульня “Пядзя” часцей за ўсё праводзілася на вячорках. У той час, калі дарослыя працавалі, дзеці пядзямі мералі розныя прадметы ў хаце: стол, шафу, ложак. У каго на адзін і той жа прадмет выходзіла менш пядзяў, той выйграваў.

Гульня “Лодачкі”, у якую гулялі ў 80-я гады на пашы, праводзілася на “картах” – вялікіх кавалках зямлі, якія былі падзелены рвамі з вадой. У гэтыя рвы дзеці пускалі вырабленыя з розных матэрыялаў лодачкі. Лодачкамі магла быць папера, фанера, дошка. Трэба было выразаць вялікі дубец і ім падпіхаць сваю лодачку. Выйграваў той удзельнік, чыя лодачка не патанула.

Падчас гульні “Сабачка” дзеці бралі цэглу, навязвалі яе на шпагат, рабілі будку, садзілі “сабаку” ў будку, кармілі яго травой, пяском, выводзілі на шпацыр.

Гульня “Яблыкамёт” праводзілася на адкрытай мясцовасці. Дзеці выразалі дубец да двух метраў. На канцы дубца рабілі насяканне і накручвалі на яго яблыкі. Затым шпулялі іх на поле, хто далей закіне.

Акрамя “Сабачкі”, “Яблыкамёта” ў 60–90-я гады былі пашыраны такія гульні, як “Класікі”, “Рызіначка”, “У слана”, “У казла”. Былі забавы з посцілкай, калі старэйшыя дзеці бралі посцілку з двух бакоў і гайдалі ў ёй меншых дзяцей. Рабілі гушкалкі з вяровак на дрэвах або з дошак на зямлі. Калі адзін  канец такіх арэляў падымаўся ўверх, гаварылі: “У самалёце”, калі ўніз – “У балоце”.

Зараз вясна. Як не пагуляць у некаторыя забытыя вясковыя гульні! Яны выхоўваюць пачуццё калектывізму і сяброўства, развіваюць фізічна, вучаць дзейнічаць і прымаць рашэнні, знаёмяць з мясцовымі народнымі традыцыямі і культурай.

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”
Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.