З юбілеем, “Надзея”!

- 8:36ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

15 мая гэтага года валанцёрскі атрад “Надзея” Міжэрыцкага дзіцячага сада – базавай школы імя У.Ляха Зэльвенскага раёна адзначае свой першы юбілей. Нам пяць гадоў.

“Ці многа гэта?” – запытаецеся вы. Здаецца, не. Але ж колькі добрых і патрэбных спраў на ліку валанцёрскага атрада – не пералічыць. А ўсё пачыналася з самага простага – паднесці сумку з пакупкамі да хаты бабулі. А затым – павіншаваць са святамі, прыбраць на падворку і ў хаце, прынесці вады, проста пасядзець і паслухаць аповед пра ранейшае жыццё, пра вайну. Узялі валанцёры на сябе і догляд за тэрыторыяй вакол помніка загінулым землякам у аграгарадку Міжэрычы. І ўсё гэта рабілі трое вучняў: Тадэвуш Яшэўскі, Дзіяна Сакалоўская і Марына Пацалуйка разам з класным кіраўніком Аленай Іванаўнай Нічыпар. Праз пару месяцаў валанцёраў стала 8, затым 10. А сёння валанцёрскі атрад “Надзея” налічвае 15 чалавек.

На працягу пяці гадоў галоўным кірункам нашай дзейнасці з’яўляецца аказанне дапамогі адзінокім грамадзянам, ветэранам працы, людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Наш атрад – актыўны ініцыятар такіх акцый, як “Моладзь і бяспека”, “Цуды на Раство”, “Цяпло нашых сэрцаў – вашым пражытым гадам”, “Па бяспечнай дарозе – у бяспечны свет”, “Ствараем утульнасць разам”, “Шануем і памятаем”. Мы з’яўляемся ўдзельнікамі шматлікіх канцэртаў як ва ўстанове адукацыі, так і ў сельскім доме культуры, аказваем пасільную дапамогу адзінокім, віншуем іх са святамі, дорым сувеніры і паштоўкі, якія самі вырабляем.

Вось ужо другі год мы ўдзельнічаем у праекце “Формула памяці”, які арганізуецца пры падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемаразуменне” у рамках праграмы “Месца сустрэчы: дыялог” (#EVZDialog) і Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.

За развіццё валанцёрскай дзейнасці і актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта валанцёрскі атрад нашай установы адукацыі ўзнагароджаны Падзячным пісьмом Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Прыцягненне школьнікаў да ўдзелу ў працы валанцёрскага аб’яднання – выдатны спосаб фарміравання ў падрастаючага пакалення такіх якасцей, як сумленнасць, справядлівасць, сяброўства, вернасць, міласэрнасць, натхненне, адказнасць, стваральнасць, памяркоўнасць, працавітасць, дабро.

Сёння я з упэўненнасцю магу сказаць, што члены нашага атрада Дзіяна Лухтан, Караліна Вароўская, Аляксандра Ляскевіч, Мікіта Вароўскі, Ігар Буйко, Мікіта Мазоль – гэта прыклад дабрыні, спагадлівасці, клапатлівасці, паважлівых адносін да старэйшага пакалення.

Наш маленькі юбілей – гэта свята тых, хто бескарысліва дапамагае людзям у самых розных сітуацыях. І гэта не проста свята, а магчымасць напомніць усім, што свет не без добрых людзей, рух валанцёрства існуе, мацнее, шырыцца і прапануе ўсім удзельнічаць у рашэнні розных праблем.

Святлана МАРЦІНЧЫК,
кіраўнік валанцёрскага атрада
Міжэрыцкага дзіцячага сада – базавай школы імя У.Ляха Зэльвенскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий