Звярнуць увагу на праблемы экалогіі і пошук іх вырашэння быў закліканы конкурс «Ператворым смецце ў прыгожыя строі». Пад такім дэвізам адбыўся модны паказ строяў з другаснай сыравіны, у якім прынялі ўдзел навучэнцы 1–11-х класаў сярэдняй школы № 8 Гродна.
«Многае з таго, што сёння ўспрымаецца як смецце, можна разглядаць як рэсурсы», – сцвярджаюць юныя дызайнеры. Модная вопратка можа быць не толькі прыгожай, але і эканамічнай, і экалагічнай. Час не спыніць. Не спыняецца і мода. Прытрымлівацца модных тэндэнцый з кожным днём становіцца ўсё лягчэй, бо ўсё часцей на подыумах з’яўляюцца ўборы з падручных матэрыялаў.
Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці на карысць экалогіі горада і прадэманстравалі свае ўборы на подыуме школы ў рамках Тыдня экалогіі.
Падрыхтоўка да конкурсу – магчымасць не толькі праявіць фантазію, але і падараваць другое жыццё ўжо непатрэбным рэчам. Па многіх сукенках і касцюмах адразу і не скажаш, што гэта тара, упакоўка, старыя газеты. Кожны строй аўтары пастараліся прадставіць творча, ярка, з гумарам.
Удзельнікі ўявілі сабе, што сёння не 2020 год, а будучыня. На зямлі адбыліся глабальныя змены ў выніку неразумнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
Як чалавек можа выкарыстоўваць другасную сыравіну для вырабу адзення? На першы погляд, з абсалютна непатрэбных поліэтыленавых пакетаў, абгортак ад цукерак, старых газет і часопісаў можна зрабіць сваімі рукамі тэматычныя касцюмы. Уборы з падручных сродкаў дазволілі навучэнцам прадэманстраваць сваю крэатыўнасць, свабоду творчасці і палёт бязмежнай фантазіі. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.
Вольга СУШКО,
настаўнiк хiмii i бiялогii СШ № 8 Гродна