У сярэдняй школе № 3 Навагрудка штогод адзначаецца Дзень піянерскай дружбы. Гэта самае яркае піянерскае свята, якое аб’ядноўвае піянераў, а таксама тых, хто ў душы назаўсёды застанецца піянерам нашай краіны.
Наша піянерская арганізацыя імя В.Пацалуёнка захоўвае піянерскія традыцыі і рытуалы мінулага: піянерскія лінейкі, конкурсы, прыём у піянеры, дабрачынныя і патрыятычныя акцыі, шэфская дапамога, цімураўскі рух, аперацыі па зборы макулатуры і металалому.
19 мая ў класных калектывах школы праходзяць піянерскія зборы, прысвечаныя Дню піянерскай дружбы, а таксама праводзяцца сустрэчы з запрашэннем ветэранаў піянерскага руху. Падчас піянерскіх збораў вучні падводзяць вынікі сваёй працы. Піянерская важатая Карына Аляксандраўна Вальшонак адзначае самых актыўных вучняў і лідараў нашай арганізацыі.
Ганаровы госць нашай школы – ветэран піянерскага руху Вера Іванаўна Данько. Са слоў Веры Іванаўны, піянер – гэта першаадкрывальнік, наватар, які ідзе заўсёды наперадзе. Наша госця адзначае важную ролю піянерскага руху і сваім прыкладам вучыць дзяцей дабрыні і высакародным учынкам.
На збор піянерскага атрада 7-га класа «Я піянер і гэтым ганаруся» была запрошана ветэран піянерскага руху, завуч нашай школы А.І.Максіменка. Яна з задавальненнем узгадала цудоўныя гады, авеяныя духам рамантыкі, дружбы і добрых спраў. Ала Іосіфаўна расказала дзецям пра слаўныя справы свайго юнацтва, падкрэсліла тое, што сёння традыцыі старэйшага пакалення працягваюць новыя піянеры.
Зоя БЕЛУШ,
класны кіраўнік 7-га класа сярэдняй школы № 3 Навагрудка