На тэрыторыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы створаны міні-агарод, які выкарыстоўваецца для экалагічнага і працоўнага выхавання дашкольнікаў. Для большай зацікаўленасці мы зрабілі яго ў казачнай форме па матывах любімай дзецьмі казкі “Рэпка”.
Выконваючы працоўныя даручэннi на агародзе, дзеці пераймаюць вопыт дарослых. Яны пачынаюць працу з пасадкі гародніны, затым займаюцца праполкай пустазелля і рыхленнем глебы, і, нарэшце, самі збіраюць ураджай.
Кожны герой казкі “расказвае” малым агароднiкам, як даглядаць гародніну, дапамагае весці дзённік назіранняў. На нашым невялічкім агародзе растуць рэпа, цыбуля, фасоля, кабачкі, морква, гарох, капуста, буракі. А ў цэнтры агарода размясцілася градка з лекавымі раслінамі (календула, рамонак аптэчны, мята, меліса). Упрыгожваюць агарод дэкаратыўныя элементы: агароджа, сланечнікі, сезонныя кветкi.
Развіццёвае гульнявое асяроддзе служыць не толькі аб’ектам і сродкам дзейнасці дзіцяці, але і дазваляе фармiраваць пазнавальныя інтарэсы, фармiруе перадумовы пошукавай дзейнасці, уважлівасць, назіральнасць, актыўнасць.
Сумесная праца на агародзе дае магчымасць навучыцца адказнасці, спрыяе фармiраванню працоўных навыкаў і аб’яднанню дзіцячага калектыву. Ну а свежае паветра, вядома, служыць умацаванню здароўя дашкалят.
Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы