Праз прафілактыку да здаровых звычак

- 12:07МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

Перамагчы благія звычкі лягчэй сёння, чым заўтра. Менавіта таму педагагічны калектыў Клімавіцкай раённай гімназіі ў сваёй працы надае вялікую ўвагу прафілактыцы супрацьпраўных паводзін. Гэта дазваляе сфарміраваць у дзяцей устойлівыя навыкі і станоўчыя звычкі.

Да пачатку кожнага навучальнага года спецыялісты сацыяльна-педагагічнай службы старанна прадумваюць працу з навучэнцамі гімназіі. Для гэтага плануюцца розныя віды педагагічнага ўздзеяння: работа савета па прафілактыцы правапарушэнняў, сумесная работа гімназіі і РАУС па папярэджанні супрацьпраўных паводзін сярод падлеткаў, прафілактыка ўжывання псіхічна актыўных рэчываў непаўналетнімі, мерапрыемствы па антыалкагольнай, антынікатынавай прапагандзе.

Планаванне і правядзенне комплексу мерапрыемстваў дазваляе прыцягнуць да работы ў гэтым кірунку ўсіх удзельнікаў выхаваўчага працэсу. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе якаснаму паляпшэнню прафілактычнай работы ў падлеткавым асяроддзі.

Станоўчы эфект даюць тыдні прававых ведаў, якія рэгулярна праводзяцца ў гімназіі. У іх арганізацыі ўдзельнічаюць супрацоўнікі РАУС, ІСН, ДАІ, прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх і іншыя зацікаўленыя. У такія тыдні праводзяцца розныя мерапрыемствы па замацаванні ведаў правіл дарожнага руху, фарміраванні здаровага ладу жыцця, прапагандзе прававых ведаў сярод навучэнцаў.

Тыдні шкодных залежнасцей праходзяць з пастаянным удзелам прадстаўнікоў раённай бальніцы і цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У сацыяльнай сетцы “У Кантакце” створана група для вучняў “У свеце права і закона”. Там пастаянна публікуецца інфармацыя прававога характару. Таксама ў папулярных сацыяльных сетках створаны бацькоўскія групы, якія дазваляюць аператыўна размяшчаць і даводзіць актуальную інфармацыю па бяспецы непаўналетніх.

Для нашых навучэнцаў ужо традыцыйна праводзяцца пазнавальна-гульнявыя праграмы, навучальныя заняткі, трэнінгі, круглыя сталы, дыспуты, інфармацыйна-пазнавальныя гадзіны, гадзіны зносін, гульні, прэзентацыі, індывідуальнае кансультаванне. Для павышэння эфектыўнасці выхаваўчай работы актыўна выкарыстоўваюцца магчымасці шостага школьнага дня. З мэтай прадухілення супрацьпраўных учынкаў мы далучаем гімназістаў да пазакласнай работы, работы аб’яднанняў па інтарэсах, да працоўнай, турыстычнай і экскурсійнай дзейнасці. Для дзяцей арганізуюцца пешыя прагулкі, рухомыя гульні на стадыёнах і ў спартыўнай зале, наведванне басейна, паходы, працоўныя дэсанты і іншыя формы актыўнай і карыснай занятасці.

Штогод улетку ў гімназіі працуе дзіцячы аздараўленчы лагер “Дзіцячая краіна”, лагер працы і адпачынку “Працоўная краіна. Краіна малой радзімы” і рамонтная брыгада “Рамантык”. Аздараўленне ў лагеры працы і адпачынку з’яўляецца рэальнай базай для навучання гімназістаў асновам працоўных ведаў, спрыяе іх самавызначэнню і выбару прафесіі, зніжэнню ўзроўню правапарушэнняў сярод падлеткаў, умацаванню іх псіхічнага і фізічнага здароўя. У першую чаргу туды набіраюцца дзеці, якія патрабуюць павышанай увагі, тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы ці стаіць на розных формах прафілактычнага ўліку.

У нашай гімназіі работа па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін сярод навучэнцаў – гэта не проста шэраг мерапрыемстваў, а сістэма дзейнасці па фарміраванні і развіцці духоўна-маральных якасцей дзяцей. У гэтым напрамку вялікую карысць аказвае супрацоўніцтва з Праваслаўнай царквой. Навучэнцы наведваюць Свята-Міхайлаўскі храм і нядзельную школу пры ім. Дзеці ўдзельнічаюць у выязных экскурсіях па святых месцах Клімавіцкага раёна, арганізаваных прадстаўнікамі царквы.

У гімназіі дзейнічае валанцёрскі атрад ад Чырвонага крыжа “Валанцёр”. У рамках гэтай дзейнасці гімназісты аказваюць дапамогу дзецям-інвалідам, якія наведваюць раённы ЦКРНіР, адзінокім пенсіянерам, ветэранам вайны і педагагічнай працы.

Важна адзначыць, што ўся работа па прафілактыцы правапарушэнняў вядзецца ў цесным узаемадзеянні з бацькамі. Адзін раз за кожную вучэбную чвэрць арганізуюцца тэматычныя агульнагімназічныя і класныя бацькоўскія сходы. Супрацоўніцтва сям’і і гімназіі ажыццяўляецца праз дзейнасць агульнага бацькоўскага камітэта і бацькоўскіх камітэтаў класаў. Пасяджэнні камітэтаў таксама праходзяць адзін раз у чвэрць.

У гімназіі створаны і функцыянуе бацькоўскі клуб “Я – тата!”. На працягу навучальнага года праходзіць чатыры яго пасяджэнні.

На інфармацыйных стэндах і сайце нашай навучальнай установы заўсёды размешчана інфармацыя прававога характару. Пытанні паводзін і паспяховасці навучэнцаў рэгулярна заслухоўваюцца на пасяджэннях савета прафілактыкі, метадычных аб’яднаннях класных кіраўнікоў, нарадах пры дырэктары. Штодня дасканала адсочваецца наведвальнасць навучэнцаў, прычыны адсутнасці дзяцей у гімназіі аператыўна высвятляюцца класнымі кіраўнікамі ў законных прадстаўнікоў.

Эфектыўнасць фарміравання ўстойлівых навыкаў бяспечных паводзін і прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх, выхаванне прававой свядомасці навучэнцаў шмат у чым залежыць ад сістэмнасці работы. Усе педагогі гімназіі фарміруюць пазітыўную сістэму каштоўнасцей у навучэнцаў, развіваюць сацыяльную актыўнасць моладзі і працуюць над выхаваннем грамадзянскай і прававой культуры ў падрастаючага пакалення.

Ларыса Мікалаеўна ТРОШЫНА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце,
Марына Уладзіміраўна КАРПЯНКОВА,
педагог сацыяльны Клімавіцкай раённай гімназіі імя І.С. Нікалаева

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий