Узгадалі гісторыю і імёны славутых землякоў

- 17:19ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Краязнаўчая гадзіна, прысвечаная году малой радзімы, была арганізавана для выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку Зэльвенскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Праз веданне гісторыі роднага краю весці дзяцей да разумення свайго месца на зямлі продкаў – такую мэту ставяць перад сабой педагогі ўстановы ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

Пачуццё малой радзімы зараджаецца ў чалавека з дзяцінства. З цацкі, з народнай казкі, з першай школьнай гутаркі пра навакольны свет складваецца ўяўленне пра родны край. І з ёй, з гэтай асобнай і ўласнай радзімай, прыходзіш з часам да той вялікай Радзімы, якая для ўсіх адна.

Пра важнасць сваіх вытокаў разважалі падлеткі ў шчырай размове “Тут Радзімы маёй пачатак”.

Зэльвеншчына адметная сваей непаўторнасцю і ўнікальнай гістарычнай і культурнай спадчынай. Пра значныя мясціны краю, яго вядомых людзей выхаванцы даведаліся ў час віртуальнай экскурсіі “Вялікая сіла малой радзімы”. З асаблівым захапленнем слухалі дзеці пра самую яркую падзею ў гісторыі Зэльвеншчыны – Ганненскі кірмаш. Сваёй веліччу і неўміручасцю кранула іх жамчужына абарончага дойлідства – Сынкавіцкая царква-крэпасць. Прыгожыя краявіды адкрыла галоўная водная артэрыя – рака Зальвянка і вадасховішча Зэльва, самы буйны штучны вадаём Гродзенскай вобласці. У час падарожжа рабяты разам з выхавальнікамі ўзгадалі імёны славутых зэльвенцаў: пісьменнікаў Уладзіміра Мазго і Юркі Голуба, навукоўца Антона Жэбрака, героя Савецкага Саюза Паўла Жданава і многіх іншых.

Дэкламаваліся вершы мясцовых паэтаў, прысвечаныя роднай Бацькаўшчыне. Вельмі ўзнёсла прагучалі з вуснаў выхаванца Аляксея Абрамчыка радкі з твора нашай зямлячкі Алены Карозы “Слова пра Зэльву”:

                                 Падрастаюць нашчадкі і помняць пра продкаў,
                                 Мову матчыну шчыра яны берагуць.
                                 А гуллівыя хвалі блакітнай Зальвянкі
                                 Славу Зэльвы да Немана горда нясуць.

Мерапрыемства прайшло на адным дыханні. Рабяты ўпэўніліся ў тым, што цікавіцца і ведаць гісторыю свайго краю, каб расказаць потым нашчадкам пра слынныя падзеі, выдатных асоб, цікавыя гісторыка-культурныя помнікі Айчыны – гэта абавязак кожнага сумленнага чалавека, патрыёта роднай зямлі.

Алена САРОКІНА,
выхавальнік Зэльвенскага раённага
сацыяльна-педагагічнага цэнтра

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий