Сапраўдным калядным цудам адарыла прырода дзень, у які да выхаванцаў сярэдняй групы ясляў-сада № 2 Свіслачына спартыўны стадыён завітаў Снегавік. Як прыемна здзівіліся дзеці, калі ўбачылі яго на гульнявой пляцоўцы!
Вясёлы Снегавік адразу прапанаваў дашкалятам пагуляць у снежкі. Затым, удосталь найграўшыся, снежны сябар загадваў дзецям загадкі пра зімовыя забавы. Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадалі ўсе загадкі, наперабой выкрыкваючы правільныя адказы. А далей пачаліся спартыўныя спаборніцтвы. Падчас вясёлых эстафет малыя, як сапраўдныя хакеісты, спрытна вялі шайбу і забівалі гол у вароты, метка “стралялі” сняжком па мішэні, пракладвалі лыжню па заснежаным стадыёне.
Пасля вясёлых гульняў дашкольнікі з радасным натхненнем зляпілі для Снегавіка прыгожых сяброў-снегавічкоў. Снегавіку вельмі спадабалася новая кампанія сяброў, і ў падзяку ён пакатаў іх на санках. Дзіцячы гоман і смех выклікала стварэнне іскрыстага снегапада пры дапамозе гульнявога парашута. А самым дзіўным для хлопчыкаў і дзяўчынак была прапанова Снегавіка ўпасці спіной у гурбу, каб зрабіць “снежнага анёла”. Звычайна гэта малым не дазваляецца, а тут аказалася можна!
У добрым настроі, з румянымі шчочкамі вярнуліся дзеці ў дзіцячы садок. Несумненна, гэты дзень ім запомніцца, таму што акрамя карысці актыўнага знаходжання на свежым зімовым паветры яны атрымалі яскравыя эмоцыі ад забаўных гульняў з сябрамі і доўгачаканай сустрэчы са снегам!
Наталля БОЙКА,
кіраўнік фізічнага выхавання
ясляў-сада № 2 Свіслачы