На жаль, сёння мы не маем магчымасці адправіцца на экскурсію па знакамітых мясцінах нашай краіны. Але мы не з тых, хто будзе сядзець, склаўшы рукі. На класнай гадзіне ўсе разам адправіліся ў віртуальнае падарожжа “Беларусь ад А да Я”.
Спачатку з дапамогай відэароліка перанесліся ў самы прыгожы і таямнічы Нясвіжскі замак, які зачараваў нас сваёй непаўторнасцю і зацікавіў загадкавым мінулым. Дзяўчаты расказалі легенду пра рамантычную і нешчаслівую гісторыю кахання паміж польскім каралём Жыгімонтам і князёўнай Барбарай Радзівіл. Таму мы ўжо ўсе ведаем, хто такая Чорная панна Нясвіжа. А яшчэ ўсіх нас расчуліў аповед пра вернага сабаку, які выратаваў свайго гаспадара, але сам загінуў. У падзяку за вернасць князь Радзівіл паставіў вернаму сябру помнік, які знаходзіцца на Цэнтральнай плошчы Нясвіжскага замка.
Не паспелі яшчэ ўсе выказаць свае эмоцыі, а нас ужо чакаў Полацк. Мы разглядалі помнік літары “Ў”. Ад нашых экскурсаводаў даведаліся, што 7 верасня 2003 года ў тысячагадовым Полацку прайшоў чарговы Дзень беларускага пісьменства. Да гэтай падзеі і было прымеркавана адкрыццё памятнага знака літары “Ў”. А ўвекавечыць яе вырашылі таму, што такой літары няма ні ў адным алфавіце свету. Сапраўды, літара “Ў” вельмі часта сустракаецца ў нашай мове і перадае яе непаўторную меладычнасць і мяккасць. Чакала нас тут і выпрабаванне: трэба было скласці назвы птушак, у якіх пішацца “Ў”. Паспяхова справіліся і з гэтым заданнем.
Наперадзе нас чакаў мемарыяльны комплекс “Хатынь” – трагічная старонка нашай гісторыі, але пра гэта мы ўсе абавязаны ведаць, каб не дапусціць жахаў вайны, каб цаніць сённяшні дзень, каб з упэўненасцю глядзець у будучыню.
Потым мы зрабілі газеты, у якіх змясцілі фатаграфіі і самую важную і цікавую інфармацыю пра наведаныя аб’екты. Такім чынам, “Азбука: Беларусь ад А да Я” папоўнілася новымі старонкамі.
У канцы падарожжа ўпрыгожылі ёлку шарыкамі, на якіх пазначылі новыя аб’екты, якія мы марым наведаць ужо ў 2021 годзе.
Так, пазбаўленыя падарожнічаць рэальна, мы наведваем цікавыя мясціны нашай Бацькаўшчыны віртуальна і працягваем дзіцячую ініцыятыву “Беларусь ад А да Я”. Мы прыйшлі да высновы, што намі не вывучаны і не наведаны аб’екты на літары А, О, І, У, Э, Ю, Я. Засталіся толькі галосныя! Магчыма, аб’ектаў на такія літары ў Беларусі няма? Нам гэта яшчэ трэба высветліць.
Таццяна ДАНЕШЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
сярэдняй школы г. п. Краснасельскі
Ваўкавыскага раёна
Яшчэ пра дзіцячую ініцыятыву “Беларусь ад А да Я” можна пачытаць тут: https://ng-press.by/2020/12/31/dzitsyachaya-initsyyatyva-belarus-ad-a-da-ya/