23 студзеня 2021 года навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Смаргоні запрашала культурная субота.
Вучні 1-х класаў наведалі гульнёвую праграму для дзяцей “Краіна дзяцінства”, арганізаваную раённым цэнтрам культуры.
Хлопчыкі і дзяўчынкі 2-х і 3-х класаў адправіліся ў экспедыцыю па вывучэнні зімовых ападкаў пад назвай “Сняжынка на маёй далоньцы”. Дзеці разгледзелі сняжынкі, упэўніліся, што аднолькавых знайсці немагчыма. Даведаліся пра тое, чаму сняжынкі белыя, чаму рыпае пад нагамі снег, чаму аднойчы выпаў чорны і зялёны снег. Дапамаглі Зіме ахінуць снегам яліну, пагулялі ў гульню “Вецер і сняжынкі”.
Вучні 4-х класаў адправіліся ў дэндрапарк. Там яны назіралі за зімовай прыродай, пагулялі ў снежкі і зімовыя салкі. Свежае паветра і актыўныя гульні стварылі добры настрой і спрыялі ўмацаванню здароўя.
Новыя веды, уменні і навыкі па тэме “Культура дома” атрымалі навучэнцы 5-х і 6-х класаў. З іх удзелам была праведзена канферэнцыя ідэй “Залатыя правілы гаспадыні”. Пытанні канферэнцыі былі прысвечаны інтэр’еру дома, правілам сервіроўкі святочнага стала і прыёму гасцей, законам этыкету. Дзеці вучыліся правільна размяшчаць сталовыя прыборы, складваць сурвэткі рознымі спосабамі, а таксама адказвалі на пытанні віктарыны і адгадвалі загадкі па правілах этыкету і законах гасціннасці.
Выхаванню духоўнай культуры спрыяла правядзенне для навучэнцаў 7–8-х класаў вуснага часопіса “Праваслаўныя абрады і святы”. Хлопчыкам і дзяўчынкам распавялі пра асноўныя хрысціянскія святы і патлумачылі звязаныя з імі традыцыі. Навучэнцы, у сваю чаргу, падзяліліся сваімі сямейнымі традыцыямі святкавання Каляд, Вялікадня, Тройцы і Вербнай нядзелі.
Гульня “Мая будучая прафесія” для навучэнцаў 9–10-х класаў была прысвечана прафесіям, звязаным з культурнай дзейнасцю. Мастацтвазнаўца, бібліятэкар, музейны работнік, рэстаўратар, харэограф, фларыст, рэжысёр і тэлевядучы – вось няпоўны спіс спецыяльнасцей, якія папоўнілі прафарыентацыйную скарбонку выпускнікоў. Таксама юнакі і дзяўчаты маглі праверыць, ці падыходзяць ім прафесіі, звязаныя з мастацтвам і культурай, прайшоўшы некалькі тэстаў.
Культурная суббота аказалася вельмі разнастайнай, пазнавальнай і цікавай.
Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні