- ВІЦЕБШЧЫНА, Рэгiёны

Літаратурная гасцёўня да 125-годдзя Кандрата Крапівы

 

Напярэдадні 125-годдзя вядомага пісьменніка, паэта, байкапісца, вучонага-мовазнаўцы Кандрата Крапівы ў чытальнай зале бібліятэкі гімназіі № 5 Віцебска была праведзена літаратурная гасцёўня, прысвечаная яго жыццю і творчасці.

Напярэдадні мерапрыемства быў загадзя падабраны матэрыял з літаратурных крыніц, фатаграфіі пра жыццёвы шлях Кандрата Крапівы, а таксама падрыхтавана кніжная выстава з яго літаратурнымі творамі.

Рыхтуючыся да правядзення літаратурнай гасцёўні, наш бібліятэчны актыў уважліва прачытаў аўтабіяграфію К.Крапівы “Ад маленства да сталасці”, у якой пісьменнік з асаблівым для яго пачуццём гумару адзначыў: “У сям’і майго бацькі, К.М.Атраховіча, гэта была выдатная падзея: нарадзіўся наследнік. Такім чынам, самае важнае для мяне адбылося – я з’явіўся на свет…”

У цэнтры нашай утульнай чытальнай залы з партрэта на ўдзельнікаў літаратурнай гасцёўні глядзеў Кандрат Крапіва. А мерапрыемства пачалося з аповеду пра біяграфію пісьменніка.

Перад навучэнцамі праходзілі старонкі жыцця гэтага выдатнага чалавека. Вось з фатаграфій на нас з экрана глядзіць высокі, стройны юнак у салдацкім шынялі – гэта Кандрат Крапіва ў гады Першай сусветнай вайны, а вось ён ужо з сынам Барысам у 1942 годзе (абодва ў ваеннай форме). А яшчэ мы ўбачылі шмат іншых здымкаў з навукоўцамі, артыстамі, студэнтамі, якія распавядаюць пра жыццё і дзейнасць Кандрата Крапівы. З вялікай увагай гімназісты слухалі пра тое, колькі жыццёвых выпрабаванняў выпала на долю пісьменніка, пра тое што Вялікая Айчынная вайна для Крапівы была па ліку чацвёртай у яго жыцці.

Перад правядзеннем агляду кніжнай выставы загадчыца бібліятэкі расказала навучэнцам пра тое, што ў 1926 годзе К.Крапіва паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Далей гаворка пайшла пра сатырычныя байкі пісьменніка, якія займаюць у творчасці Крапівы асаблівае месца. Ён падняў беларускія байкі на вельмі высокі ўзровень, яны сталі спадарожнікамі і саюзнікамі ўсяго яго творчага жыцця. І хоць многія байкі былі ўжо знаёмыя са школьнай праграмы, вучні з вялікім задавальненнем выразна і гучна чыталі байкі “Ганарысты Парсюк”, “Дыпламаваны Баран” і іншыя. Дзеці адзначылі, што і ў наш час байкі Крапівы працягваюць заставацца актуальнымі. Таму кожны раз іх чытанне дастаўляе чытачам велізарнае задавальненне.

“А зараз вы ўбачыце, – звярнулася вядучая да вучняў, – кадры з кінафільма, экранізаванага па аднайменнай п’есе”. Па прызнанні самога Кандрата Крапівы: “Самы вялікі поспех выпаў на долю гэтай п’есы – сатырычнай камедыі”. І вучні адразу даведаліся – гэта п’еса “Хто смяецца апошнім”. Навучэнцам было прапанавана ўспомніць, у якім годзе яна была напісана, яе змест і назваць галоўных герояў. Адказаўшы на пытанні вядучай, гімназісты нават папрасілі працягнуць паказ гэтага фільма. Вобраз Гарлахвацкага атрымаўся на ўсе часы: поўны невук, нахабны кар’ерыст, для якога няма нічога святога, які затуляе сваю некампетэнтнасць спрытным прыстасаванствам; сціплы навуковец Туляга, які перамагае ў барацьбе з Гарлахвацкім і смяецца апошнім радасным смехам справядлівага пераможца.

Кандрат Крапіва пражыў 94 гады. Усю сваю творчасць ён прысвяціў народу. Многія творы Крапівы ўвайшлі ў залаты фонд беларускай ллітаратуры. Пра гэта і даведаліся госці нашай літаратурнай гасцёўні.

Інеса ПАНІЗОВІЧ,
магістр педагагічных навук,
загадчык бібліятэкі
гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий