- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Ведаць і выконваць законы

 

У рамках адукацыйнага праекта “ШАГ” для вучняў 5–7 класаў Люсінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы імя Якуба Коласа Ганцавіцкага раёна былі праведзены класныя гадзіны на тэму “Я і закон”.

Класная гадзіна “Перш чым зрабіць – падумай!” праходзіла ў 5-м класе ў форме пазнавальнай гульні. У пачатку мерапрыемства вучні паслухалі аповед пра жыхароў дзвюх дзяржаў “Можна” і “Нельга”, абмеркавалі яго і прыйшлі да высновы, што ў кожнай краіне павінны быць правілы – законы. Калі іх выконваюць усе жыхары, то яны жывуць у міры і згодзе.

Дзеці размеркавалі правы і абавязкі, вылучыўшы асобную групу – парушэнні. Класны кіраўнік В.Р.Жалезная прапанавала вучням даць дакладныя вызначэнні паняццям “правапарушэнне” і “злачынства” і ўспомніць віды пакаранняў за іх.

У практычнай частцы мерапрыемства пяцікласнікі вучыліся адрозніваць дрэнныя ўчынкі ад правапарушэнняў, абмяркоўвалі спрэчныя сітуацыі і прапаноўвалі варыянты іх рашэння. У выніку бурных дыскусій усе пагадзіліся, што трэба жыць у грамадстве, не парушаючы правы іншых людзей і прынятыя законы.

Класны кіраўнік Л.М.Амбражук правяла для шасцікласнікаў класную гадзіну ў форме гульні-падарожжа на тэму “Падлетак і закон”, накіраваную на выхаванне прававой культуры ў вучняў і фарміраванне ўсвядомленага выбару мадэлі паводзін з улікам новых ведаў пра формы адказнасці за пэўныя ўчынкі. Школьнікі актыўна абмяркоўвалі праблемныя сітуацыі, звязаныя з рознымі парушэннямі, і прапаноўвалі іх рашэнні.

Класная гадзіна “Выкананне закона – абавязак кожнага грамадзяніна” прайшла ў 7-м класе ў форме трэнінгу. Мэта мерапрыемства – выхаваць паважлівыя адносіны да законаў, адказнасць за свае ўчынкі.

Спачатку дзеці выканалі тэст “Што такое закон?”, а затым выказалі сваё разуменне выразаў “Сорам забараняе часам тое, чаго не забараняюць законы”, “Вышэйшы суд – суд сумлення”, “Свабода прадугледжвае адказнасць” і “Законы павінны мець для ўсіх аднолькавы сэнс”.

Вучні ўдзельнічалі ў бліц-апытанні “Ці можа існаваць дзяржава без законаў?” і прыйшлі да высновы, што не можа.

Школьнікі абмеркавалі асноўны закон краіны – Канстытуцыю і паўдзельнічалі ў дзелавой гульні “Суд прысяжных”. Адны выступалі ў ролі абвінаваўцаў, другія – у ролі адвакатаў. Меру пакарання вызначаў “суддзя”.

Напрыканцы заняткаў вучні паразважалі над выказваннем Цыцэрона “Мы павінны быць рабамі законаў, каб быць свабоднымі”.

Аліна РЫЛКА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Люсінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
імя Якуба Коласа
Ганцавіцкага раёна

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий