У нашай рознаўзроставай групе Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна прайшло свята для выхаванцаў, прысвечанае Міжнароднаму жаночаму дню.
На працягу тэматычнага тыдня “Вясна. Дзень 8 Сакавіка” былі праведзены розныя мерапрыемствы: заняткі, гутаркі па тэме, гульні, спаборніцтвы, конкурс малюнкаў, інсцэніроўкі твораў пра вясну.
Выхаванцы доўга рыхтаваліся да гэтага цудоўнага свята. Знаёміліся з мастацкімі творамі пра маму, развучвалі прыгожыя меладычныя песні і вершы, танцавалі, малявалі партрэты любімых матуль і рыхтавалі ім падарункі.
Сумесна з бацькамі стварылі вырабы для тэматычнай выставы “Вясенні настрой”. У намінацыі “Самыя крэатыўныя” перамогу атрымала сям’я Ульяны Юдзіцкай. З падручных матэрыялаў яны вырабілі вельмі прыгожую карзіну з кветкамі.
У фотавыставе “Сэлфі з матуляй” арыгінальныя фотаздымкі атрымаліся ў сем’яў Ягора Качана, Івана Харонжага і Дар’і Калганавай.
На занятках па мастацтве для любімых матуль і бабуль выхаванцы вырабілі падарункі – віншавальныя паштоўкі і плакат “Партрэт матулі”.
Дзеці сваімі вершамі, танцамі і песнямі падарылі матулям шмат добрых слоў, пяшчоты і ўвагі.
Людміла ЧАМЕРКА,
выхавальнік рознаўзроставай групы
Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна