Ва ўсіх установах адукацыі працягваецца рэалізацыя інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна” (“ШАГ”). У гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна на пасяджэнні “Школы Актыўнага Грамадзяніна” запрашаюць прадстаўнікоў розных прафесій, структур і ўстаноў у залежнасці ад тэмы адзінага дня інфармавання. На адным з такіх пасяджэнняў 2021 года ў актавай зале гімназіі сабраліся навучэнцы 9–11 класаў, настаўнікі і прадстаўнікі кіраўніцтва гімназіі. Тэма пасяджэння – “Беларуская навука: у нагу з часам”.
Навучэнцы 10 “Б” класа расказалі пра дасягненні сучаснай беларускай навукі, дзяржаўную падтрымку таленавітай моладзі, прыярытэтныя кірункі развіцця інавацый у краіне, пра рэалізацыю рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”.
Госцем сустрэчы стаў выпускнік нашай гімназіі, курсант Універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Півавараў. На сустрэчы Аляксандр Півавараў паведаміў, як паступаў ва ўніверсітэт, як праходзіць навучанне курсантаў, якія цяжкасці даводзіцца пераадольваць, чым увогуле займаюцца ратавальнікі. Аляксандр Вадзімавіч прадэмантсраваў відэаролікі, аўтарам якіх з’яўляецца сам.
Гімназія ганарыцца сваімі выпускнікамі і, вядома ж, вучнямі, якія сваімі дасягненнямі прыносяць славу гімназіі. Аляксандр Півавараў – адзін з такіх вучняў, ён быў удзельнікам міжнародных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый курсантаў, студэнтаў і слухачоў.
Навучэнцы гімназіі на сустрэчы таксама даведаліся, што Аляксандр Півавараў – пераможца разнастайных творчых конкурсаў. Ён неаднаразова ўзнагароджваўся за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і дасягненне высокіх вынікаў у службе. За прапаганду традыцый і гістарычнай спадчыны прафесіі пажарнага-ратавальніка загадам міністра па надзвычайных сітуацыях у 2019 годзе ўзнагароджаны памятным нагрудным знакам “165 год пажарнай службе”. За дасягненне высокіх вынікаў у вучэбнай і навуковай дзейнасці ў 2020 годзе ўзнагароджаны юбілейным медалём “160 год пажарнай службе Беларусi”.
Педагог-арганізатар Алена Лук’яненка пры правядзенні сустрэчы, паведаміла, што ў 2020 годзе Аляксандр Півавараў стаў пераможцам рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” у намінацыі “Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, абарона ад надзвычайных сітуацый”. У фінале конкурсу ён прадставіў свой праект, прысвечаны канструктыўнай асаблівасці бензарэза, якая дазваляе выкарыстоўваць яго для раскрыцця канструкцый у непрыдатным для дыхання асяроддзі. У сваю чаргу, Аляксандр расказаў прысутным, як з’явіўся гэты праект, наколькі важны ён у працы ратавальнікаў.
На пасяджэнні прысутнічаў таксама і навучэнец 9 “А” класа гімназіі № 3 Віцебска Кірыл Пуцееў, які ў снежні 2020 года перамог у конкурсе “Стань курсантам на адзін дзень”. Наша гімназія ім ганарыцца! Кірыл расказаў, як ён удзельнічаў у папярэднім адборы сярод навучэнцаў 9–11 класаў. Ён змог перамагчы, паказаўшы лепшы вынік, таму на конкурсе прадстаўляў Віцебскую вобласць. Ён шчаслівы, што пабываў ва Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Для канкурсантаў ва ўніверсітэце была праведзена экскурсія. Разам з курсантамі 4-га курса ён наведваў тэарытычныя і практычныя заняткі. Сваю будучую прафесію Кірыл ужо абраў – ён хоча дапамагаць людзям у надзвычайных сітуацыях. Напрыканцы сустрэчы навучэнцы гімназіі змаглі задаць Аляксандру Півавараву і Кірылу Пуцееву пытанні. Абыякавых да гэтай тэмы ў зале не было. Менавіта таму і адбыўся адкрыты, цікавы і канструктыўны дыялог. Затым, у святочнай абстаноўцы навучэнцаў гімназіі павіншавалі з уступленнем у БРСМ.
Вопыт работы нашай гімназіі паказаў, што пасяджэнні “Школы Актыўнага Грамадзяніна” вельмі актуальныя, інфармацыйныя, значныя для нашай моладзі. Такія сустрэчы садзейнічаюць выхаванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму, дапамагаюць навучэнцам вызначыцца ў будучай прафесіі. Пасяджэнні “Школы Актыўнага Грамадзяніна” – пляцоўка, дзе праводзіцца адкрыты дыялог навучэнцаў з дарослымі і аднагодкамі. Пры гэтым гімназісты могуць задаць хвалюючыя іх пытанні, выступіць са сваімі прапановамі. Мы адзіныя ў сваім жаданні вучыцца і працаваць у мірнай, квітнеючай Беларусі!
Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўнік геаграфіі і біялогіі
гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна
Фота з архіва гімназіі