Абуджаць шчодрасць душы

- 7:41ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

Краязнаўства – з’ява вельмі разнапланавая, пад якой сёння разумеюць і выхаваўчую работу з вучнямі, і збор інфармацыі па гісторыі канкрэтнай мясцовасці, і асветніцкую дзейнасць. Выхаванне праз краязнаўства – гэта шматгранны працэс, які пашырае кругагляд і развівае пазнаваўчыя інтарэсы вучняў, далучае іх да творчай дзейнасці, фарміруе практычныя і інтэлектуальныя ўменні.

Заняткі па краязнаўстве не патрабуюць вялікіх затрат, доўгіх паездак і дарагога абсталявання. Дастаткова ўважліва прыгледзецца да людзей, якія жывуць вакол цябе, вывучыць падшыўкі старых газет, здзейсніць паход па родным краі. І тады малая радзіма адкрые свае таямніцы, якія выклічуць любоў і павагу да роднай зямлі, гонар за яе гісторыю і культуру. І высветліцца, што без гісторыі малой радзімы, гісторыя Беларусі была б няпоўнай, што вялікая краіна складаецца з мноства такіх маленькіх непаўторных куткоў. Менавіта знаёмства з малой радзімай, прывіццё любові да роднага краю, яго прыроды з’яўляецца сродкам фарміравання патрыятычных пачуццяў і развіцця духоўнасці.

Адным з эфектыўных відаў пазаўрочнай работы, дзе можна збіраць, даследаваць вусную народную творчасць, адраджаць нацыянальныя звычаі, абрады, мову з’яўляецца аб’яднанне па інтарэсах “Беларусазнаўства і фальклор”. У творчы калектыў збіраюцца вучні 10–14 гадоў, зацікаўленыя гісторыяй роднага краю, духоўнай спадчынай беларускага народа. Дзейнасць аб’яднання па інтарэсах спрыяе фарміраванню ў вучняў грамадзянскай свядомасці праз азнаямленне з асаблівасцямі культуры малой радзімы, выхоўвае любоў да свайго краю, яго багатай культурнай спадчыны, развівае мастацкія здольнасці вучняў.

Работа аб’яднання па інтарэсах праводзіцца па наступных накірунках: культурна-асветніцкі (вывучэнне вуснай народнай творчасці нашага народа), пошукавы (збор фальклорнага матэрыялу), творчы (правядзенне фальклорных свят, абрадаў). На занятках аб’яднання па інтарэсах дзеці выразна чытаюць, пераказваюць, інсцэніруюць фальклорныя творы, праслухоўваюць аўдыёзапісы, праглядваюць відэафільмы, сустракаюцца з аднавяскоўцамі, збіраюць краязнаўчы матэрыял, на аснове якога складаюць сцэнарыі фальклорных святаў, знаёмяцца з таленавітымі людзьмі сваёй вёскі, народнымі ўмельцамі, рыхтуюць выставы культурнай спадчыны нашых продкаў.

Асобна хочацца спыніцца на правядзенні фальклорных свят, бо далучаючыся да каляндарна-абрадавай дзейнасці, вучні засвойваюць стыль паводзін, жыццёвы вопыт і нормы чалавечых узаемаадносін, развіваюць свой творчы патэнцыял, вучацца культуры адпачынку. На працягу навучальнага года члены аб’яднання па інтарэсах арганізуюць фальклорныя святы “Вячоркі”, “Добры вечар, шчодры вечар”, “Прыйшла Масленка з блінамі”. Масленіца – адно з самых пазітыўных, прыгожых і магічных святаў. Таму дзеці звяртаюцца да фальклорных зборнікаў, знаходзяць песні, гульні, загадкі, забаўлянкі, рыхтуюць касцюмы. Ніхто з прысутных не бывае гледачом на такім свяце, а становіцца яго ўдзельнікам. Праводзячы гэта свята, вучні перажываюць пачуцці іх продкаў, яшчэ больш вераць у цуды, калі падчас правядзення свята выглядвае сонейка, а следам за халоднымі прыходзяць цёплыя, сонечныя дні.

А цяпер зазірнём на вячоркі. На прыгожай беларускай мове сваімі чыстымі галасамі дзеці спяваюць такія блізкія і родныя “Чаму ж мне не пець”, “Зайграй жа мне, дударочку”, прыпеўкі. Сыпяцца прыказкі ды прымаўкі, жарты ды пацешкі. Пад беларускую народную музыку танчаць і гуляюць. Дзея адбываецца ў імправізаванай хаце, а нібыта ўяве. Усё натуральна да дробязей (печ, прыбраны ложак, лава і стол, куфар і г.д.), а акцёрская ігра вучняў зачароўвае ўсіх, і закрадваецца сумненне, ці не запрошаныя артысты выконваюць ролі.

Фальклорнае свята – сведчанне далучанасці сучасных дзяцей да народных традыцый. Правядзенне такіх мерапрыемстваў дапамагае вучням не забываць нашы нацыянальныя звычаі, традыцыі і абуджаць лепшую чалавечую якасць – шчодрасць душы. Разам з прыгажосцю народнага мастацтва дзеці засвойваюць лепшыя нацыянальныя рысы нашага народа, улюбёнага ў свой куточак.

 

Вольга ШЫЦІКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Пыханскай базавай школы
Веткаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий