Эдзьютэйнмэнт – цікавае навучанне

- 15:54ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Навучанне дзяцей правілам бяспечных паводзін падчас правядзення фізкультурна-аздараўленчага мерапрыемства “Азбука бяспекі” для дзяцей сярэдняй групы ясляў-сада № 2 Свіслачы не зводзілася да традыцыйных забаронаў, настаўленняў i абмежаванняў, а прайшло ў ненадакучлівай і цікавай форме, дзякуючы прымяненню сучаснай педагагічнай тэхналогіі “Эдзьютэйнмэнт”.

Эдзьютэйнмэнт (Edutainment) – неалагiзм, якi складаецца з англiйскiх слоў education i entertainment – навучанне i забава адначасова. Эдзьютэйнмэнт узнiкае пры ўзаемадзеяннi інфарматыўна-забаўляльнага аб’екта і актыўнага ў навучанні суб’екта, у выніку чаго ў дзіцяці развіваюцца веды, уменні, навыкі, iндывiдуальны вопыт і суб’ектыўныя эмоцыі.

Мультымедыйны фармат мерапрыемства спрыяў максімальнаму ўключэнню выхаванцаў у працэс навучання. Iнфарматыўна-забаўляльны аб’ект – мультыплiкацыйная асоба, добры i знаходлiвы супергерой-ратавальнік Аркадзь Паравозаў – заахвоцiў выхаванцаў звярнуць увагу на матэрыял, выклiкаў цiкавасць, зматываваў дзяцей прыняць удзел у мерапрыемстве, адным словам – пацешыў. Веды падавалiся ў зразумелай, простай і цікавай форме з дапамогай шасцi серый мультыплiкацыйнага серыяла “Аркадзь Паравозаў спяшаецца на дапамогу” працягласцю па дзве хвiлiны кожная. Гэта прынесла дзецям задавальненне, цалкам захапiла iх. На працягу ўсяго забаўляльнага мерапрыемства віртуальны госць выходзіў на відэасувязь, павучальна ўзаемадзейнiчаў з дзецьмi, вучыў пазбягаць небяспекi сучаснага свету на прыкладах з рэчаiснасцi, што не магло не захапiць i не зацiкавiць дашкалят. У сваю чаргу, дзецi дэманстравалі на практыцы альтэрнатыўныя належныя паводзіны ў забаўляльных гульнях-эстафетах.  

Так, Аркадзь Паравозаў перасцярог выхаванцаў ад пагрозы падзення з вышыні і траўматызму падчас пералажання праз плот, пасля чаго хлопчыкi i дзяўчынкi выдатна пераадолелi бяспечны спартыўны снарад – мяккі модуль у гульні-эстафеце “Пералажанне праз бар’ер”.

На забарону Паровозава бегаць з вострымі прадметамі ў руках дзеці праявілі спрыт і шпаркасць у эстафеце “Бег з мячом”.

На пераканаўчую просьбу супергероя-ратавальніка не падымаць цяжару, хлопчыкі і дзяўчынкі паабяцалі, што будуць падымаць толькі тыя прадметы, вага якіх адпавядае іх узросту, напрыклад, набіўны мяч, гуляць з якім у розныя гульні цікава і займальна. Гульня “Перадача мяча рознымі спосабамі” стала наглядным прыкладам таго, як можна развіваць сілу, не наносячы шкоду свайму арганізму.

Актуальным для вясновага перыяду з’явілася папярэджанне Аркадзя Паравозава пра недапушчальнасць дакранання да незнаёмых сабак, так як паводзіны жывёлы непрадказальныя, за выключэннем добра знаёмых чацвераногiх сябраў, такiх, як вывучаны сабака Скай, адзін з галоўных персанажаў мультсерыяла “Шчанюковы патруль”, які зазірнуў у госці да дзяцей, і прапанаваў дружна i весела патанчыць.

У адказ на параду Паравозава ніколі не залазіць у каналізацыйныя люкі – азартная i бяспечная гульня-эстафета “Праз тунэль”, якая спрыяла рэалізацыі жадання малых пераадольваць замкнёную прастору.

Апошняя перасцярога супергероя заключалася ў тым, што нельга нічога кідаць з балкона, гэта траўманебяспечна для пешаходаў, якiя праходзяць унізе. Гульня “Пападзі ў абруч” з’явілася паказчыкам таго, што дзецi ўмеюць кідаць мяшочкі з пяском, трапляючы ў цэль.

Па завяршэннi мерапрыемства маленькім спартсменам былі ўручаны нагрудныя эмблемы як сведчанне паспяховага засвойвання ўрокаў у школе бяспекі супергероя-ратавальніка.      

Хлопчыкі і дзяўчынкі, злёгку стомленыя, з пачуццём гонару пакідалі спартыўную залу. Было прыметна, што дзякуючы тэхналогіі “Эдзьютэйнмэнт” дзецi захапiлiся працэсам навучання.

 

Наталля БОЙКА,
кіраўнік фізічнага выхавання
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий