Насця Ванеева – вучаніца 9 “А” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні. Сёлета яна прадстаўляла Гродзенскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Дзяўчынка ўзнагароджана дыпломам трэцяй ступені.
Адна з важных і цікавых старонак школьнага жыцця – гэта алімпіядны рух. Ён ахоплівае вялікую колькасць навучэнцаў. Спачатку гэта звычайныя школьныя алімпіяды, затым для тых, хто перамог, – раённыя. Адзінкі дабіваюцца магчымасці ўдзельнічаць у абласным этапе. І шчаслівы той настаўнік, які ўбачыць свайго вучня ў фінале рэспубліканскай алімпіяды пераможцам.
Доўгім і складаным быў шлях Насці да ўзнагароды. І пачаўся ён нават не ў пачатковай школе, калі гэтае малое дзяўчо ўпершыню прыняло ўдзел у першых выпрабаваннях, прысвечаных беларускай мове, а яшчэ раней: калі гадавалася ў бабулі і з яе вуснаў штодзённа чула простую родную мову. І кожнае слоўца западала ў душу, запаміналася лёгка, свабодна, не патрабавала дадатковых тлумачэнняў, нібы адчуваючы, што менавіта гэтая дзяўчынка прадоўжыць яго жыццё, захавае самабытнасць і непаўторнасць. Вёска заўсёды давала ёй жыццёвыя сілы. Яна і сёння імкнецца туды, да сваіх родных, каб акрыяць, каб пачуць беларускае слова.
Але кожны раз, вяртаючыся ў горад, Насця зноў самааддана бралася за працу. Паспявала ўсюды: вучылася на выдатна ў адукацыйнай школе, з поспехам займалася ў музычнай школе (у мінулым годзе выдатна здала выпускныя экзамены), пастаянна ўдзельнічала ў шматлікіх музычных конкурсах, рэспубліканскіх і міжнародных. Гэта менавіта тая цымбалістка, якая чатыры гады назад прымала ўдзел у тэлеперадачы “Лепш за ўсіх” і смела ў эфіры зрабіла заўвагу Максіму Галкіну, які назваў яе краіну “Белоруссией”. У школе спрабавала свае сілы ў алімпіядах па розных прадметах – і дастаткова ўдала, таму што кожны раз заваёўвала прызавыя месцы. Але ў старшых класах зрабіла свой канчатковы выбар і пачала мэтанакіравана рыхтавацца да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
Штодзённая праца, добрасумленнасць, адказнасць, высокая патрабавальнасць да сябе – тое, што дапамагае стаць пераможцам гэтай прыгожай дзяўчыне ва ўсім, за што яна ні возьмецца. Удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды – не толькі гонар, але і вялікая адказнасць. Насця годна вытрымала гэтае чарговае выпрабаванне.
Поспехаў табе, сапраўдная беларусачка!
Валянціна ЛУКОШКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Смаргоні